Адам Гринкевич из деревни Новая Вёска


Стихи разных лет

      ВОСЕНЬСКІ  МАТЫЎ   
      Менш свеціць сонейка. І неба хмарамі
    Завалакло. Кароткі дзень.
   Буслы на водшыбе не ходзяць парамі.
  І язь не плёскае ў рачной вадзе.

           Дажджы асеннія зямельку шчодрую
           Вільготняць сокамі на ўсе лады -
            Прырода ладзіць нам умовы добрыя,
            Вясной каб хораша цвілі сады.

             А рунь зялёная кусціцца ядрана -
              Быць хлебу смачнаму на ўсіх сталах.
               Год працавалі ўсе на рэдкасць зладжана:
                Сумленне чыстае. І ў добры шлях!

             ВОСТРАЎ  НАДЗЕІ  
   Дзесьці ёсць на зямлі астравок для душы,
  Куды едуць, каб верыць і марыць
 Сэрца кажа: аб ім свой радок напішы,
Дзе пачуццям дано гаспадарыць.

         Я прыехаў сюды. Акружылі мяне
          Некранутасць, спрадвечнасць прыроды.
           Прыгажосць тут сустрэў, быццам казку ў сне -
            Мора кветак і птушак чароды.

          Лашчаць хвалі пясок, набягаюць на пляж,
          Пырскі твар асвяжаюць пяшчотай.
          Непаўторнасць красы выклікае пейзаж,
          Сонца сыпле з нябёс пазалоту.

          Пасярод астраўка пышны церам стаіць -
           Дэкарацыі ў велічным стылі.
            Ад яго купалоў сам крышталь зіхаціць,
             Цуды веку ў каменнях застылі.

           Я ў той церам зайшоў - цішыня і прастор.
          На сцяне - лікі "Тайнай вячэры".
         У паўцемры звярнуў у даўгі калідор,
        Дзе паўсюдна зачынены дзверы.

        Стаў ля першых. Пачуўся мне лямант і плач -
         Тут людзей пакалечаных душы.
         Свой прысуд абвяшчае ахвярам палач,
        Хто законы сумлення парушыў.

        Вось наступны пакой. Звон бутэлек і смех,
        Тут віно іскрамётнае льецца.
        Аддаюцца гульбе, сладастраснасці ўцех -
        Наваколле ад жаху трасецца.

        А на трэцім прыпынку спакой, благадаць,
         Толькі чуецца голас лагодны:
          - Я гатоў за цябе сваю душу аддаць.
           - Я ж цябе так кахаю, мой родны.

        Што пачуў я далей? - запытаеце вы.
       Адкажу: гэта кліч маіх продкаў.
      Яны помняць усё. Шэпча бор векавы
     Ім пра нас і пра век наш кароткі.

     Вось астатні прычал. У малітве за нас
      Голас веры імкнецца да неба:
       Ён гучыць як свяшчэнны бацькоўскі наказ.
        Да яго нам прыслухацца трэба.

        У які ж мне пакой найхутчэй зазірнуць
         І каму аказаць дапамогу?
          Вас, сябры, заклікаю мой голас пачуць,
           Каб рассеяць людскую трывогу.

       Я ўпэўнен у тым, што і ваш астравок
      Кожны дзень вас з надзеяй чакае.
     Бо да мэты застаўся адзін толькі крок,
    Каб стварылася справа святая.
    
          STRONG>ЖУРНАЛІСТЫ  
  Майстрам вострага пяра прысвячаю
 Птушкай праўда ляціць па зямлі,
  Голас сэрца гучыць урачыста.
   Мы з газетай сябруем, калі
    Залатое пяро ў журналіста.

    Тых, хто піша об людзях, здаўна
    Называюць чацвёртай уладай.
    Журналіст сваю душу спаўна
    Аддае нам, прыносячы радасць.

         Ваш звычайны блакнот і пяро
        У час вайны - нараўне з кулямётам.
        Журналісцкае інфармбюро
        Падымала салдацкія роты.

                  Бой няроўны. Адважны салдат
                   Амбразуру закрыў сваім целам.
                    Куля ў сэрцы. Замоўк аўтамат.
                     Вестка мігам зямлю абляцела.

                 Калі сцяг Перамогі ўзнялі
                Храбрацы над фашысцкім Берлінам,
               Журналіст і гвардзеец былі
              У страі пераможным адзіным.

               Аднаўляў гаспадарку народ,
               Зруйнаваную зграяй нацыстаў.
                Як заўжды, у стварэнні даброт
                  Разам з намі былі журналісты.

                  Незалежнасці, сталасці флаг
                  Залунаў над маёй Беларуссю.
                  Быць такою краіне ў вяках.
                  І што сын журналіст - ганаруся!

               НАВАСЁЛКІ  

       Паднябессе жыве цеплынёй,
      Чысціць пер'е сваё перапёлка,
     Захапляюцца хлопцы гульнёй -
    Не змаўкае жыццё ў Навасёлках.

         Ля ракі вунь чароды гусей.
          А на водшыбе коні пасуцца.
           Кош грыбоў з лесу дзядзька нясе.
            Куры з ранку кудахчуць - нясуцца.

        На падворках сабакі снуюць,
       Кветкі шчыра дзяўчо палівае.
     У садах звонка птушкі пяюць.
    Не змаўкае гаворка людская.

         Усё люба мне тут. Землякі
           Кожны день завіхаюцца ў працы.
            На паплоўчыках сена стажкі -
            Трэба ж кормам у час запасацца.

         Дзетвару кліча рэчка даўно -
          Адны з вудай, а хтосьці і з сеткай.
            Я дзяцінства запомніў: яно
             Стала часткі жыцця майго сведкай.

       І калі б ні прыехаў сюды,
       Пакланяюся памяці продкаў.
       Як глытка цудадзейнай вады -
       Не хапае сяброў-аднагодкаў.

        Прыгажэе жыццё на зямлі,
       Ды не зменіцца колер вясёлкі.
      …Помню пах узаранай раллі.
     Сустракайце мяне, Навасёлкі!

         АДЗІНОТА  

Прагледзела вочы
Бабуля ў акне.
Не спіцца ёй ноччу:
Рой думак у сне.

Гняце адзінота,
Хоць мае дзяцей.
Туга і маркота -
Не бачна гасцей.

Унукаў чакае,
Дачушкі, сыноў.
На шлях выглядае
Ды сцішыцца зноў.

Пра жаль свой старэчы
Раскажа катку.
А боль чалавечы -
Як ніткі ў матку.

Для іх я ўсё дбала -
Вось сведкаю Бог.
І ночкі не спала,
Хапала трывог.

Дык хто ж да бабулі
Прыедзе ў сяло?
Абдыме, прытуліць,
Сагрэе цяплом?
                БАЛАДА АБ ХЛЕБЕ   

Партызанскі ўспамін
Ля печы сялянскай шчыруе яна,
Рыхтуючы хлебнае цеста.
Дачушка з іголкай сядзіць ля акна.
Мурлыкае коцік пярэсты.
Жанчына ўвіхаецца - кроплямі пот
Сцякае з прыгожага твару.
Знаёмая справа: каторы ўжо год
Па звычцы вось так гаспадарыць.

Майстрыхаю вёска яе наракла -
Любая работа па сіле.
-	Пабач, колькі хлеба для іх напякла,
Для мсціўцаў - мяне яны дужа прасілі.

Цяпер вось задача - яго перадаць.
І стала дачка партызанкай.
Калі на дварэ пачалося змяркаць,
Да лесу пайшла, у зямлянку.

Дзяўчынку лагодна сустрэў камандзір
І дзякаваў шчыра за працу.
-	На шляху зваротным будзь пільнай, глядзі,
З чужынцамі каб не спаткацца.

Выходзячы з лесу, паскорыла крок.
І раптам насустрач, з узгорка,
Патрульная варта… Бязлітасны змрок.
І чутна чужая гаворка.

Карацелі ў вёску дзяўчо прывялі
І бачаць - замок на той хаце.
Дапытвалі, білі яе патрулі:
-	Куды твая дзелася маці?

А тую кабету суседзі тайком
Схавалі ў патайным падвале.
(Фашысты б яе самапраўным судом
Пры ўсіх земляках расстралялі).

Раз'юшаны кат падышоў да страхі,
З нянавісцю чыркнуў запалку:
-	Так будзе і іншым за вашы грахі,
Паселішча знішчым мы цалкам.

Назаўтра аб зверствах варожых атрад
Дазнаўся: прабілі трывогу.
Зачытаны быў партызанскі загад,
І рушылі хлопцы ў дарогу.

Разведка данесла: увесь гарнізон
Падняты для карніцкай мэты.
А мсціўцы ў засадзе. І іх батальён
Расставіў дазоры, пікеты.

Да лесу наблізіўся карнікаў строй.
І знак партызанскай ракеты
Узрушыў нямы наваколля спакой -
Надоўга запомніцца гэта.

Па фрыцах страчыў не адзін кулямёт,
І цэль паражалі гранаты.
Узняты ў атаку праціўніка ўзвод
Касілі чаргой з аўтаматаў.

Няведама, колькі працягваўся бой.
Закончыўся ж ён - перамогай!
У лес партызаны прывезлі з сабой
Трафеяў захопленых многа.

У мсціўцаў народных у гэтым баі
Былі чалавечыя страты -
Паранены трое, і  столькі ж сваіх
Не ўсталі ад куль супастатаў.

Мінулі гады. Але памяць тых дзён
Ніколі не згасне. Так трэба.
Разгромлен так быў не адзін гарнізон.
Так людзі дзяліліся хлебам…

            < STRONG>ПЕРШЫЯ КРОКІ  

Маці ўважліва сочыць за сынам -
Яму споўніцца хутка гадок.
-	Ты ў мяне сапраўды малайчына:
Стаў на ножкі, зрабіў першы крок.

Прыйдзе вечарам бацька з работы
І жар-птушку табе прынясе.
Дзед з бабуляй сагрэюць пяшчотай.
Загартоўвайся сам пакрысе.

Адчувай сябе мужным і смелым -
Тады здзейсніш наступны свой крок.
Пачуццём мацярынскім хацела б,
Каб разважлівы быў мой сынок.

Каб даверам людскім карыстаўся,
Быў надзейнай апорай сям'і,
Сказаць праўду сябрам не баяўся -
Словы маці ад сэрца прымі.

Будзь як бацька - са станам высокім -
Багатырская моц у плячах.
Самастойныя цвёрдыя крокі
Абумовяць твой выбраны шлях.

Гэтым шляхам дасягнеш той мэты,
Што анёл з нараджэння прынёс.
Хай душа будзе шчасцем сагрэта,
Зоркай свеціцца велічны лёс.

Падрастай, прыгажун сінявокі,
Праўдзе ў вочы адкрыта глядзі,
Падымайся да светлых аблокаў,
Без аглядкі наперад ідзі.

…Жыццё дзетак - ліст чыстай паперы.
Тут бацькі свае пішуць радкі.
А затым - адчыняюцца дзверы.
Дзверы ў свет. Вам вядома ў які?


         СУЧАСНЫ  МАТЫЎ 

Свет не той, што быў калісці.
Варта, скажам, паглядзець,
Як шукае моладзь выйсця -
Каго выбраць, што адзець.
Заглянуў на дыскатэку
І зайздрошчу маладым:
Весялосці і пацехі
Не займаць сягоння ім.

У танцы кружацца іскрыстым -
Пацалункі, жарты, смех.
Пакахала гарманіста.
Выйсці ў людзі з ім не грэх.

Выгляд мае ён бадзёры -
Руку мне прапанаваў.
Пазнаеміліся ўчора -
Сёння ў ЗАГС мяне пазваў.

З ім вяселле адгулялі,
Шлюбны месяц правялі.
Найшчаслівейшаю краля
Адчувала на зямлі.

Год прайшоў. Ужо не тыя
Муж і жонка. Ёсць дзіця.
Хтож яму пялёнкі мые,
Гэтай кветачцы жыцця?

Жонка кажа: манікюрам
Трэба вось заняцца мне.
Муж падкрэпіцца, пакурыць,
На канапе адпачне.

А дзіця тым часам плача,
Захлынаецца ад слёз.
Бабка ўсё, вядома ж, бачыць,
Не сцярпела: вось дык лёс!

Мы раней, чым пажаніцца,
Высвятлялі ў бацькоў
Згоду даць, каб абручыцца.
Не той свет цяпер пайшоў.

Вось таму з сустрэчы першай
Шлюб вярстаецца на год.
…Не хацелася б у вершы
Бачыць шмат такіх прыгод.



 ДЫЯЛОГ ПАКАЛЕННЯЎ   

Праз гады і вякі, як цяпер,
Будуць зоркі, і сонца, і месяц.
Рыскаць будзе збянтэжаны звер,
І жаўрук чараваць паднябессе.

Чалавечай прыродзе дано
Падтрымаць дыялог пакаленняў.
Што гісторыяй стала даўно,
Хай сучаснік бярэ на ўзбраенне.

Старажытнага Полацка крыж
Асяняў светлы лік Еўфрасінні
На яго ў святым храме глядзіш -
І ўзрастае любоў да княгіні.

Сын народа свайго і зямлі,
Гуманіст і асветнік Скарына
Заслужыў, каб яго нараклі
Самым слаўным нашчадкам Айчыны.

Каліноўскага заклік гучаў,
Каб пазбавіць народ ад прыгнёту,
Даць сялянам зямлю. Не маўчаў
Яго голас: ён быў патрыётам.

Навагрудскаму краю хвала:
Тут Міцкевіча слава сагрэла,
Тут яго свіцязянка знайшла.
За людзей яго сэрца балела.

Хто не ведае песню "Ямшчык"?
Сыракомля як Лірнік вясковы
Шлях ёй даў у жыцце. І не знік
Родны водар славянскага слова.

Шмат па сцежках Радзімы прайшло
Песняроў беларускага краю.
Тут Купала і Колас святлом
Нашу рунь і цяпер азараюць.

Як захопнікаў утаймаваць
І ў народ усяліць тую веру,
Прыклад людзям геройскі падаць
Мог такі чалавек, як Машэраў.

Кожны з нас у штодзённым жыцці
Памятае былыя дарогі.
Каб упэўнена ўперад ісці,
Трэба з продкамі мець дыялогі.

Наша спадчына - родны куток,
Яго людзі, падзеі і святы.
Яна - больш чым паветра глыток.
Тым народ наш духоўна багаты.

Разуменне між сэрцаў людскіх,
Шлях святы ад зямлі і да неба
Чалавек атрымаў з вечных кніг,
Бо жыве не адным толькі хлебам.


               СЯДЗІБА   

Існуе паданне, што рыба
Шукае ваду, дзе глыбей.
А сельскі жыхар на сядзібе
Найлепш адчувае сябе.

Да поту вясной гаспадарыць,
Зямельку дагледзіць як след.
-	Работа вяскоўца не старыць, -
Калісьці казаў яму дзед.

Тут радуюць вока пасевы -
Гародніна, бульба, ячмень.
Як дзеці - пладовыя дрэвы:
Ім догляд патрэбен штодзень.
Работы прыбавіцца летам:
Зямля фарміруе плады.
Вось так і бяжыць эстафета,
Яе не спыняюць гады.

А восенню плён сваёй працы
Збярэ ўвішны гаспадар.
Прышлося яму пастарацца,
Затое ён сам сабе цар.

Карміцелька наша, як маці,
За клопат аддзячыць спаўна:
Адорыць рупліўца багаццем,
Не крыўдзіць нікога яна.

Сядзіба ніколі не здрадзіць,
Калі ты дагледзіш яе.
Калі душа з розумам ладзіць -
Памножыш набыткі свае.


      ПАЛЯЎНІЧЫ  АЗАРТ  

Свет здаецца нам прыгожы,
Калі цвёрда мы стаім.
Хто багата мае грошай,
Не зраўняемся мы з ім.

Ён - заўсёднік людных бараў,
У катэджы сам жыве.
Адпачыць - дык на Канары,
Іншамаркі мае дзве.

Гардэроб у жонкі з густам -
Моды з Францыі вязе.
Людзі кажуць, што распуста
Да дабра не давядзе.

Быў багач на паляванні
(Да прыгодаў ён прывык).
З ім сустрэўся на паляне
Рыцар пушчы - злосны дзік.
Кроў лілася з-пад лапаткі,
І раз'юшаны вяпрук
Уступіў з лаўцом у схватку.
Той жахнуўся: мне каюк.

Распаласавана цела.
Як застаўся сам жывы?
Рукі, ногі - усё балела,
Ледзь не страціў галавы.

З таго часу не на жарты
Бедалага захварэў.
Паляўнічага азарту
Болей ён ужо не меў.

Дактарам было работы -
Ледзь ад смерці збераглі.
Колькі долараў і злотых
На лячэнне аддалі?

Быў раней вясёлы, шпаркі -
Зараз ходзіць ён з кійком.
Не патрэбны іншамаркі,
Стаў нямілы родны дом.

Не дарма ж старыя людзі
Даюць раду маладым:
Ёсць здароўе - шчасце будзе,
А багацце - гэта дым.

Гэты тэзіс і ў Еўропе
Сёння надта модным стаў.
Грошы - пыл, адзенне - попел,
А здароўе - капітал!


            АФІЦЭРЫ

Віталію Новіку

Ёсць людзі, якія з дзіцячых гадоў
Жывуць непахіснаю верай.
Экзамен юнак здаць хоць сёння гатоў,
Каб бачыць сябе афіцэрам.

Радзіме на вернасць клянецца салдат,
Калі прынімае прысягу.
Яго эталон - падпалкоўнік Карват,
Узор афіцэрскай адвагі.

А мужнасці прыклад курсанты бяруць
З Пятра Клімука і  Гастэлы:
Яны - гэта слава твая, Беларусь,
Што ўсіх нас любоўю сагрэла.

У форме параднай сустрэў земляка,
Чый голас гучыць: гонар маю.
Паднёсшы руку да свайго казырка,
Ён годнасць высока трымае.

На новым мундзіры пад сонцам блішчаць
У золаце зорак пагоны.
А я помню іх - афіцэрамі стаць,
Хто марыў - усіх паімённа.

Упэўнен, што моцнага духам хлапца
Паклікала ў строй не кар'ера.
Рамантыка, подзвіг і лёс храбраца -
Галоўны дэвіз афіцэра.

Дзядуля пагоны свае захаваў.
Цяпер на плячах яны ў сына.
Традыцыю ўнук у сям'і падтрымаў.
…Вось гэтым і моцна Айчына.



     РОЎНЫХ  НЯМА  ТАБЕ…

Свецішся радасцю ты, закаханая,
Сэрца спяшаецца ў рай.
Любаму кожнай крывінкай адданая -
Шчасце бурліць цераз край.

Словы, як пацеркі колеру дзіўнага,
З вуснаў злятаюць тваіх.
Слухаць цябе не стамлюся гадзінамі:
Гутарка радуе слых.

Іскрамі вочы пад чорнымі бровамі
Цёмнаю ночкай гараць.
Погляд брыльянты нясе адмысловыя.
Чым жа іх мне вымяраць?

Рукі пяшчотныя шыю абгортваюць
І саграваюць цяплом.
А пры сустрэчы - заўжды распасцёртыя -
Лашчаць кахання святлом.

Чарамі ты заварожыш і сокала,
Што дасягае нябёс.
Роўных няма табе з твару навокала
З кім жа свой вызначыш лёс?


            СІНІЧКІ

Рана ўстанеш, па прывычцы
Кінеш вокам у акно.
А адтуль табе сінічкі
Прывітанне шлюць. Яно

Так прыемна асалодай
Душу грэе, цешыць зрок.
Цуда гэткае прыроды
Падарыў нам з неба Бог.

Для пярнатых шмат пагрозаў
Нясе лютая зіма.
Сцюжы, ветры і марозы -
Абароны ж ім няма.

Прылятаюць да кармушкі:
-	Пачастуй нас, гаспадар.
Хіба ж можна гэтым птушкам
Адказаць? - Нясу ім дар.
З дружным спрытам крошкі хлеба
Паклявалі…Дзінь-дзінь-дзінь.
Гэта ўдзячнасці малебен…
-	Крышку нам яшчы падкінь.

Мы з табой за клопат шчыры
Расквітаемся вясной -
Вусеняў, жукоў-праныраў
З саду вымецем мятлой.


     СЛУЦКІЯ  КРАЯВІДЫ

Пратаптаў я з дзяцінства сцяжынку,
След пакінуў на слуцкай зямлі.
Адпачкована дрэва галінка,
Бо адсюль мае продкі пайшлі.

Дзед на зайздрасць усім гаспадарыў -
Спраў на хутары - хоць адбаўляй.
І валодала ім думка-мара,
Каб дастатак шугаў цераз край.

Шчыраваў на падзолістым полі
І маліўся на строхаўскі лес.
Не сядзеў ён без справы ніколі
І ў палітыку лішне не лез.

Тут у доглядзе вырасла маці,
Адсюль замуж за бацьку пайшла.
І наследнікам дзеда ў хаце
Дзядзька Юзік застаўся змала.

Лёс са Случчынай зноў на скрыжалях:
Гэта месца вучобы маёй.
З педвучылішча мы вырасталі,
Каб у свет ісці сцежкай сваёй.

І цяпер я хвалююся сэрцам,
Калі ўбачу душы любы край.
Тут прамень мне з дзяцінства ўсміхнецца.
Сустракай мяне, Слуцк, сустракай!
       ТРЫАДЗІНСТВА

На ўсходняй ускраіне лесу
Жалудок паміж кветак прарос
Тры галінкі - тры сведкі прагрэсу -
Ад зямлі заспяшаліся ў рост.

Сонца парасткі песціць любоўна,
Дожджык поіць карэнні вадой.
Вось яшчэ адзін факт красамоўны
Аб уздзеянні сілы святой.

Сок зямлі паглынае расліна -
І змяняецца стан на вачах.
Не па днях дуб расце - па гадзінах.
Баравы аздабляючы шлях.

- Быць бацькоўскаму слову - на першай,
Аб другой - думку выкажа сын.
Ну, а ўнук нас парадуе вершам,
Што дасланы з нябёсных вышынь.

Дуб - прыкмета і сіла старшынства,
Яго крона - жыцця запавет.
Сімвал веры і знак трыадзінства -
Даўгалецця людскога сакрэт.

Ноччу вецер галін не калыша.
Іскры зорак мігцяць з вышыні.
На нябесны абшар месяц выйшаў,
А над дрэвам - трох свечак агні.




КАЛІ  ФАКЕЛАМ  СЭРЦЫ ПАЛАЮЦЬ…

Роднай Міншчыны цуда-зямля -
Край пісьменнікаў, слынных паэтаў.
Так вядомы нам Уздзенскі шлях
Адкрывае шмат іншых сакрэтаў.

У той час, калі рэха вайны
Адгукнулася болем у сэрцы,
Баранілі краіну сыны,
Што радзімай малою завецца.

У Магільным вучыўся хлапчук,
Тут закончыў юнак сямігодку
Небяспеку істотай адчуў,
Калі слухаў ваенныя зводкі.

Голас маці-радзімы ў строй
Дземідовіча Толю паклікаў,
Ён змагаўся як мог. Думак рой
Даў падставу здзяйсненням вялікім.

У разведку, як сталы, не раз
Ён хадзіў і прыносіў "сакрэты".
Памятаў камандзіра наказ:
"Біць фашыстаў зімою і летам".

На чыгунцы ўзляталі ад мін
У паветра масты, эшалоны.
Наш зямляк пакідаў напамін:
"Анатоль Дземідовіч - з паклонам!"

Ратаваў камандзіра ў баі
І сяброў выручаў не аднойчы.
Рызыкуючы лёсам сваім,
Ён не раз глядзеў смерці ў вочы.

Аперацыя "Баграціён"…
Вораг фронту шле бензацыстэрны.
Партызаны стваралі заслон -
Свой экзамен здавалі экстэрнам.

Той дыверсіі памятны след
У захопнікаў шрамы пакінуў.
Пасля ўзрыву цыстэрны ў кювет
Прызямляліся ў воблаках дыму.

Ноч. Вярталіся мсціўцы ў атрад,
Заглянуўшы на хутар сялянскі.
А фашысты аддалі загад:
"Зруйнаваць той аб'ект партызанскі".

Завязаўся бязлітасны бой -
Патрыётам юнак дапаможа.
Прыкрываючы мсціўцаў сабой,
Ён загінуў ад кулі варожай.

Варацішчанскіх могілак жвір
Абяссмерціў імя партызана.
Пабываў тут і сам камандзір:
-	Яго смерць - вечны боль наш і рана.

Пры жыцці майскім святам сюды
Прыязджала да помніка маці.
Час ідзе. І цяпер, праз гады,
Аб ім памяць жыве ў кожнай хаце.

На ўрачыстасці людзі нясуць
Да ягонага помніка кветкі.
На світанку тут птушкі пяюць.
…Хай не ведаюць жудасцей дзеткі.

Дземідовіча слава жыве -
Назва вуліцы сведчыць аб гэтым.
Я зрываю тут кветкі ў траве
Для людзей - змагароў і паэтаў.

Лёсы іх аб'ядналі сяброў.
Сэрцы факелам яркім палаюць.
Не астыне гарачая кроў:
Іх нашчадкі жыццё услаўляюць.



       ІМГНЕННІ

Мінуюць гады і вякі.
Змяняюцца часу ступені.
Чаму ж як святла маякі
У думках праходзяць імгненні?

Упэўнен, што кожнага з вас
І сёння той момант хвалюе,
Калі вы пачулі ў адказ:
-	Цябе ўсей істотай люблю я!

Скачок з парашутам з нябёс,
Шчаслівых хвілін прызямленне…
Дэсантнік як факел пранёс
Сваё баявое хрышчэнне.

Жанчына ўяўляе не раз
Вальс шлюбны, касцёл і адзенне.
Надзеі прамень не пагас.
А гэта ж святое імгненне.

Спартсмен апярэдзіў усіх,
На фінішы ўпаў на калені.
Настойлівасць, воля - той штрых,
Што крочаць да зорных імгненняў.

Мой погляд на гэта такі -
У памяці міг застаецца,
Калі з неабсяжнай ракі
Струменьчык праходзіць праз сэрца.

Здаўна, колькі б ты ні пражыў,
На змену ідуць пакаленні.
А ў кожнага з нас у душы
Свае застаюцца імгненні.


             ДЫЯЛОГ

Вандроўнік, адведаўшы хлеба,
Пад дрэвам зялёным прылёг.
І тут між зямлею і небам
Падслухаў такі дыялог.

-	З блакітных вышынь пасылаю
Ад Сонца святло і цяпло.
-	За шчырасць тваю гонар маю
Аддзячыць, што тут узрасло.
-	А зорак свячэннем нябесных
Людскі я прадказваю лёс.
-	За твой падарунак пачэсны
Жыхар мой малітву ўзнёс.

-	Як месяц узыйдзе на небе,
Раслінам нясе каляндар.
-	Хвала табе: думкай аб хлебе
Жыве на зямлі гаспадар.

-	Ніколі не згасне духоўнасць,
Што верай блакітнай жыве.
-	Пакуль існуе памяркоўнасць,
Зямля па арбіце плыве.

Вандроўнік, пачуўшы размову,
Успомніў біблейскі сакрэт.
І шчасця праўдзівае слова
Панёс у нязведаны свет.


   УРОК  ЗАЙЗДРОСНІКУ

Жыве чалавек. Працуе.
Мае прыгожы дом.
А хтосці кажа - шанцуе:
Шчасліўцу зайздросціць гном.

Здаецца, нікому руплівец
Раней не прыносіў зла.
Знайшоўся, аднак, раўнівец,
Стварыўшы з яго казла.

Ідзе жыццялюб дарогай,
Што сам пралажыў у свет.
Зайздроснік падставіў ногу,
Глядзіш - спатыкнуўся сусед.

Вітаюць шаноўнага людзі,
З павагай глядзяць на яго.
Зламыснік прадставіць у брудзе
Гатоў антыпода свайго.
А ўсё выглядае проста:
Што замінае жыць -
Зайздрасць, як тую каросту, -
У тэрмін патрэбна лячыць.



ГРАМАДЗЯНСКАЯ  СТАЛАСЦЬ

Перад вамі, сябры, прызнаюся -
Дзень сустрэчы - як сонца ў акне.
Быццам зоркі з зямлі Беларусі
Завіталі ў школу пры мне.

Вы за партай вучнёўскай цярпліва
Выбіралі адну з тых дарог,
Што вяла да здзяйсненняў шчаслівых,
Пакідаючы школьны парог.

У вас выраслі крылы надзеі,
Вы адчулі шматграннасць жыцця
Успаміны аб школе сагрэюць
Вашы сэрцы цяплом пачуцця.

Грамадзянская сталасць на тварах:
Кожны шлях і прызванне знайшоў.
І збыліся юнацкія мары,
Мары школьных вясёлых часоў.

Прыгажосцю бацькі надзялілі,
А вы самі стваралі свой лёс.
Вы свае гарызонты адкрылі,
Кветку шчасця настаўнік прынёс.

Мужны выгляд давер выклікае
І не верыцца, што праз гады
Выйшла ў свет наша змена, якая
Расквітнела,  як сад малады.




КАХАННЕМ  ЗЛУЧАНЫЯ  СЭРЦЫ

Не спіць рака. Бурліць вада.
Пераліваецца. Струменіць.
Ёй хтосьці лёс жывы аддаў,
Бо на вірах шалёна пеніць.

Легенда сведчыць, што калісь
Па-над ракой гулялі двое.
Для пацалунка дружна ўвысь
Яны ўзняліся над вадою.

Пачуцці моцна абнялі
Каханнем злучаную пару.
А колькі часу правялі
Яны ў тым стане - можна марыць.

Каб апынуцца на зямлі,
Любімым сілы не хапіла -
Апошні шлях свой праплылі,
А потым… іх вадой накрыла.

Смуткуюць з жалем берагі.
Рачныя хвалі горка плачуць.
А дзве душы ад той тугі
Жадаюць любы твар убачыць.

Надзея ёсць. І прыйдзе час,
Калі ім можна тут сустрэцца:
З нябёс вяртаюцца да нас
Каханнем злучаныя сэрцы.




АБАРОНЦЫ ЗАЎСЁДЫ Ў ПАШАНЕ

Раскажу  аб вайне, аб салдатах.
Блізкі мне партызанскі ўспамін.
Аб знаходках жыццёвых і стратах.
Ёсць для гэтага мноства прычын.

Абаронцы заўсёды ў пашане.
І мой бацька прайшоў гэты шлях:
Быў на фінскай вайне, партызаніў,
Перажыў і палонніка жах.

А прырода стварыла мужчыну,
Каб адважна ўступаў ён у бой.
Толькі так абароніш Айчыну.
Ад бяды, засланіўшы сабой.

Патрыёты не ведалі страху,
Іх характар сапраўды стальны.
Ваявалі заўсёды з размахам,
Каб зайздросцілі продкам сыны.

Над краінаю мірнае неба.
І не чутна раскатаў гармат.
А пакліча Радзіма, як трэба,
Стане ў строй беларускі салдат.


    РАЗВІТАННЕ  З  ЗІМОЙ

Адгулялі віхуры-мяцеліцы.
І не шчыпле за шчокі мароз.
Па нізінах туман густа сцелецца.
З даху коцяцца кропелькі слёз.

Вераб'і весялей зацырыкалі.
Промні сонца заззялі ярчэй.
На Грамніцы вяскоўцы паклікалі,
Каб вясна паспяшала хутчэй.

На падворку гуляе жывёліна.
Гаспадар апрацоўвае сад.
Хоць навокала дрэвы аголены,
Чалавек будзе восенню рад.

Развітанне з зімой прайшло весела.
Ля кастра шчыраваў карагод.
Белай коўдрай шацёр занавесіла
І пайшла адпачыць ад прыгод.
     ТАЯМНІЦЫ КОЛЕРАЎ

На світанку мяняюцца колеры.
Ёсць у гэтым свая прыгажосць.
На зямлі, у паднябессі, над морамі
Элегантнасць і таінства ёсць.

Зоркі з намі з нябёсаў вітаюцца,
І брыльянтам іскрыцца раса,
Бірузой акіян умываецца -
Вось такая паўсюдна краса.

У людзей з адпаведнасцю зорнаю
Заўважаем пачуццяў звяно.
Адны з іх - урачыста-мажорныя,
У другіх - злосна-чорнае дно.

Калі шчасце расквеціцца сонейкам,
Сэрца прагне таксама святла.
Дыхаць лёгка вясной у сасонніку:
Яна лекі з сабой прынясла.

Маладыя каханыя цешацца.
Іх пачуцці плывуць цераз край.
Па вяселлі хіба ж яны зменшацца?
Гэткім душам - сцяжынка у рай.

Там, дзе крыўда з шыпамі калючымі
Свой прытулак у сэрцы знайшла,
Выспяваюць пачуцці балючыя,
Фарміруюцца парасткі зла.

Колькі месціцца ў колерах тайнаў?
І які з іх найбольш знакаміт?
Мая маці сцвярджала звычайна:
-	Колер веры нябеснай - блакіт.






        ЖАНОЧЫЯ  ВОБРАЗЫ

Душэўныя словы, радкі віншаванняў
На адрас жаночы прыходзяць штодня.
Прыгожай палове жадаем кахання,
Цяпло і пяшчоту ад любых прыняць.

Жаноцкасць з іконай павенчаны разам.
Ідуць яны побач гады і вякі
Жаночыя вобразы, быццам алмазам,
Стваралі на радасць усім мастакі.

Мадонны чаруюць з карцін Леанарда,
Жаночыя постаці спаць не даюць
Музыкам, артыстам, пісьменнікам, бардам,
Якія аб існасці вашай пяюць.

Прыгожых вам кветак і добрых памкненняў,
Карысных набыткаў і скарбаў душы.
Прад вамі павінны стаяць на каленях
Паэт, будаўнік, абаронца мяжы.

За вас, дарагія, падымуць бакалы
Усе, каму любы жаноцкасці свет.
-	За тую дзяўчыну, што нас абдымала!..
Які б атрымаўся цудоўны дуэт!




            ВЯЛІКДЗЕНЬ

Найбольшае свята са святаў
Шануюць мае землякі:
Вялікдзень у кожную хату
Нясе хараство праз вякі.

Дзівосны сілы прыроды
Абуджаны воляй святой.
Цякуць Іарданскія воды
І ў край беларускі. Ад той

Магутнешай веры Хрыстовай,
Што існасць і праўду нясе,
Прарочае Боскае слова
Павінны засвоіць усе.

Яно нас натхняе на справу,
Ад немачы злой сцеражэ,
Прыносіць і веліч, і славу.
Дык што ж за яго даражэй?

З ім едзе ў поле араты,
Яго паўтарае жняя.
За нашы грахі Ён распяты:
Хрысту памалюся і я.

Вялікаднем сонейка грае,
Напоўнены шчэбетам лес.
І вернікі ў храме спяваюць:
Для ўсіх нас Хрыстос Уваскрэс!


ВЯСКОВЫЯ  ГАРЫЗОНТЫ

Той, хто ў вёсцы жыве, заўважае
Веснавую яе прыгажосць.
Бачыць квецень вясёлую мая -
У гэтым штосьці ўзнёслае ёсць.

Подых ветру на ранішнім золку,
Промні сонца над дахамі хат,
Водар кветак, руплівыя пчолкі -
Хто ж такому пейзажу не рад?

Шчэбет птушак на дрэвах вясновых -
Быццам музыкі лірнікаў звон.
Так і хочацца лепшае слова
Адшукаць, каб прынесці паклон.

Тут жывуць працавітыя людзі -
Селянін, што будуе і жне,
Той, чые ўпрыгожваюць грудзі
Медалі за ўдзел у вайне.
І ў нашчадкаў высокая мэта -
Памнажаць дасягненні бацькоў.
Ім жа несці далей эстафету,
Быць працягам наступных вякоў.

Так і хочацца сэрцам аддзячыць
Роднай весцы за велічны цуд.
Гэта мала вачамі ўбачыць,
Гэта трэба істотай адчуць.


      СУЧАСНАЯ  МОДА

Кудысьці спяшаемся, быццам паспець
На фініш імкнемся забаўны.
Вось толькі адно не магу зразумець -
Чым выклікан рух беспадстаўны?

Спаборнічаць трэба спартсменам, калі
Іх спрыт прынясе перамогу.
Імкнуцца яны атрымаць медалі:
Апраўдана хуткасць трывогай.

А дзе тлумачэнне паспешлівым быць?
Спяшаецца кожны па-свойму.
Сусед па кватэры змог "мазду" купіць
А я што? Яго недастойны?

Прыходзіць да бацькі дачушка ў слязах -
-	Сяброўкі по модзе адзеты.
Няўжо я ў цябе не дачка, а каза?
Што скажаш, мой родны, на гэта?

А колькі яшчэ я заўважыў прыгод,
Дзе стомленасць млее людская.
З нагоды якой мітусіцца народ,
Адзін адного абганяе?

Напэўна б, для ўсіх больш карысці было
І меней спатрэбіцца лекаў,
Калі чалавек у вачах са святлом
Насустрач ідзе чалавеку.
Тады між людзьмі ўсталююцца лад,
Гармонія, дружба і згода.
Утопіцца зайздрасць. Развеецца чад.
…Я першы за гэткую моду.



          НАТХНЕННЕ

Сяду летам пад вішняю ядранай -
Заварожвае чырванню плод.
Залюбуюся шчодраю яблыняй:
Яна дорыць ласункі штогод.

Заўважаю, як спрытна тут бегаюць
Увішныя чародкі шпакоў.
Сад ратуюць з сваімі калегамі -
Ловяць мух, дастаюць чарвячкоў.

Раніцою пад промнямі яркімі
Маладзее прыгожы садок.
Сеўшы побач, варона закаркае.
Праваркуе вяшчун-галубок.

Канюшына галоўкай квяцістаю,
Пахам пчолак паклікала рой.
А паветра над ёй - звышпразрыстае:
Хворы лёгкімі вернецца ў строй.

Тут натхненне сабе я адмераю:
Словы самі кладуцца ў радок.
Пасябруеш з нябеснаю сфераю -
Выйдзеш сам на касмічны віток.



      ЛЁС  НАДЗЕЙНАСЦІ

Краіна мая - не рамонак,
Што можна наўгад варажыць
Пялёсткамі - любіць-нялюбіць.
Ёй трэба заўжды даражыць.
Для кожнага з нас яе ласка
Калыскай з дзяцінства была.
І клопат, як дзіўная казка,
Бярог нас ад немачы, зла.

Гісторыі велічнай вехі
Прайшлі нашы продкі. Яна
Пазнала злачынствы, агрэхі.
Смерць зграя знайшла не адна.

Не стаў наш народ на калені.
Цярпліва бяду перанёс.
Пайшоў угару па ступенях,
Стварыўшы надзейнасці лёс.

Наперадзе мноства работы
І верым у заўтрашні дзень.
Ад продкаў жа мы - патрыёты:
Дарога да мэты вядзе.

Шлях свой, самастойны, шырокі
Мы самі пракласці змаглі.
І рэк беларускіх вытокі
Цякуць ва ўсе кропкі зямлі.


СЭРЦА  ЛЮДЗЯМ  НЯСІ

Я стаю на прыпынку. Чакаю
Іншамарка спынілася тут.
-	Куды, бацька, кірунак трымаеш?
-	На сталіцу, сынок, мой маршрут.

-	Калі ласка, сядай, па дарозе,
Весялей разам час прабяжыць.
Срэбрам  іней блішчыць на бярозе.
Ад марозу былінка дрыжыць.

У салоне сучасныя песні.
Адчуваецца добры настрой.
Майму ўнуку на выгляд равеснік -
Разважаю я ў думках з сабой.
-	Кім працуеш? - пытаю суседа.
-	Профіль важны - шафёр, трактарыст.
Са сталіцы сягоння прыеду -
І на сцэну:  мясцовы саліст.

-	У жыцці халасты ці жанаты?
-	Няма часу завесці сям'ю.
Праца ў будні. А кожнае свята
Пад баян людзям песні пяю.

Дома стрэнуць сястрычка і маці:
Нельга ўвагай жанчын абыйсці -
Трэба гонар мужчыны не страціць
І пад густ падарункі знайсці…

Нас вітаюць паверхі сталіцы.
-	Дзякуй, сынку, вазьмі за "таксі"
Погляд хлопца ўсмешкай іскрыцца:
-	Людзям сэрца - не грошы - нясі.

Уяўляю, як вечарам зорным
Трактарыст, захапіўшы баян,
Грэе сэрцам і словам мажорным
Прыгажуні і душу, і стан.

А яна моліць зорнае неба
Яе просьбу ў сусвеце пачуць:
Ёй кахання другога не трэба -
Разам з ім нікуды не звярнуць.


      ЖЫВАЯ  ВАДА

Трава напіцца пажадае -
І неба высыпле расу.
Стварае так вада жывая
Нам аксамітную красу.

Сасновы бор глядзіцца ў люстра
Азёрнай гладзі вечарком.
А воблакі плывуць насустрач -
Пейзаж засведчан мастаком.
Вясной заплакала бяроза.
Салодкі сок з яе цурчыць.
Напітак нам (а дрэву - слёзы),
Каб летам смагу наталіць.

Дзяўчынка кветкі палівае,
І колер іх заззяў ярчэй.
Вось так здаўна вада жывая
Нясе прывабнасць для вачэй.

Што на планеце вырастае -
Звяры, расліны, чалавек -
Жыццё дае вада святая,
Вада нябёс, азёраў, рэк.




          ДАРЫЦЕ  ПЕСНІ

Не толькі застоллем запомніцца свята -
Тут людзі заможна жывуць.
Душа разгарнулася песняй крылатай,
Мелодыі хваляй плывуць.

Запела дзяўчына - пра любага марыць,
Ёй сэрца дыктуе матыў:
-	Табе, мой каханы, усмешка да твару,
Жар вуснаў тваіх не астыў.

Заліўся жаўрук у вясновым прасторы
І цешыцца неба ў адказ.
А сонца ўзыходзіць - спяваюць і горы
Пра лёсы вякоў і пра нас.

У маміна свята сынок уручае
Ёй кветкі і шчыры напеў:
За клопат і ласку, што ты ёсць такая,
Аддзячыць цябе не паспеў.

Паэтам напісаны словы ад сэрца,
І ў нотах зайгралі радкі.
Разлівісты голас баяна нясецца -
Спяваюць мае землякі.

Песні дарыце са шчырай надзеяй,
І людзі ўспомняць пра вас:
Добрая песня - такая ж падзея,
Як продкаў свяшчэнны наказ.



НАША  ДЫНАСТЫЯ

Халодныя росы
Маёй Беларусі
Запомняцца чыстай
Дзявочай слязой.
Куды б ні паехаў,
Сюды я вярнуся
Тут сосны, бярэзнік,
Балота з лазой.

Трапечацца сэрца,
Душа ажывае.
І жыта магутнаю
Хваляй бяжыць.
Прачнешся на золку -
Салоўка спявае.
Прастор неабсяжны
Пад небам ляжыць.

Будзённымі днямі
Нястомныя рукі
Адданы рабоце -
Аж зайздрасць бярэ.
І дзед ганарыцца
Руплівым унукам:
Дынастыю нашу
Агеньчык сагрэў.

А русыя косы
Здаюцца каронай,
Калі прыгажуня
У танцы плыве.
Вачэй не адвесці
Ад спрыту мадонны,
Хто бачыў у працы
Яе на жніве.

Чароды буслоў
Кантралююць палеткі.
І радуюць вока
Лясы і бары.
На вуліцы шчыра
Дурачацца дзеткі.
Як дорага мне
Усё гэта, сябры!



              ХАЛАСЦЯК

Мясцовая быль
Вясковую дзяўчыну з Наваселля
Даўно кахаў прываблівы юнак.
Было дамоўлена, калі згуляць вяселле…
Хто б мог падумаць - вышла ўсё не так.

Паверыўшы ў народныя паданні,
Сабраліся дзяўчаты варажыць.
Іх кавалеры ўвечар, на змярканні,
Згадзіліся таксама не тужыць.

Прыдумалі хлапцы гульню-забаву -
Рашылі так паненак напужаць:
На выгане будан з галля паставіць
І тут сваіх сябровак пераняць.

Знайшлі сабе нязвыклае адзенне.
Пакрыўся хтосьці белай прасціной.
-	Закончаць варажбу, мы іх сустрэнем
І дапытаем шчыра па адной.

Паўночны час. Вяртаюцца дзяўчаты.
І раптам здані ўсталі на шляху.
Замкнулі кола, быццам вінаватых
Запаланілі. І яны - у мяху.

Прывіды заскакалі на дарозе
Пад воклічы жывёльных галасоў -
Хто воўкам выў, хто пад казла падводзіў.
Здавалася, што тут гульба шалёных соў.

Палонніцы ад жаху закрычалі.
(Прытомнасць нават страціла адна).
І кавалеры маскі паздымалі.
Іх жарты - гэта пошласці віна.

Заўважылі вяскоўцы неўзабаве -
У маладой румянец раптам знік.
Змарнела тварам, быццам хто атравы
Насыпаў ёй. Перажываў жаніх.

Ні дактары, ні знахары з народа
Не здолелі дзяўчыне памагчы.
З пасцелі не ўставала мо паўгода
І адышла ў свет вечны ўначы.

А хто тут можа высветліць прычыну.
Чаму паданне скончылася так?
Няўжо такі лёс выпаў для дзяўчыны?..
А хлопец той - і сёння халасцяк.



СЯБРУЙЦЕ  З  ЗЯМЛЁЙ

Планеты ў сусвеце
Курсіруюць важна.
У кожнай арбіта
Маршруту свая.
Цікавіць жа нас
Між вышынь неабсяжных
Найпрыгажэйшая -
З назвай Зямля.


Зямная краса
На звышвелічным твары.
Нябесны блакіт
Агарнуў гарызонт.
А першы ўсё гэта
Заўважыў Гагарын.
Вось так нарадзіўся
Касмічны экспромт.

Для кожнага з нас
Яна болей, чым маці:
Гадуе і песціць,
Як тое дзіця.
Імкнецца ў ложак
Нас мяккі пакласці.
Як кажуць, вядзе
Па сцяжынках жыцця.

З павагай да тых,
Хто яе засявае,
Карміцелька наша
Аддзячыць дабром.
Рупліўца надзеліць
Святым караваем,
Дастаткам і шчасцем
Напоўніць наш дом.

Зямлі, як жанчыне,
Пяшчота патрэбна.
Душа яе прагне
Святла і цяпла.
На святы і ў будні
Узносьце малебны,
Каб людзям служыць
Яна доўга магла.



      ЗОРКА  НАДЗЕІ

Дзе бары кучарава-зялёныя
Упрыгожваюць наш краявід,
Там дзяўчына жыве. І каронаю
Яе кос светлы тварык абвіт.

Стан з бярозкай вясной параўноўваю,
Вочы - з іскрамі летняй расы.
А гаворка пяшчотна-чароўная
Дапаўняе прывабнасць красы.

Працавітасць тваю з зоркі ранняе
Хіба пчолкі маглі пераняць?
Кавалеры, у цябе закаханыя,
Шлюб хоць сёння гатовы прыняць.

А душой ты адкрыта жаданаму,
Які словам і сэрцам з табой.
Невядомымі мерыдыянамі
Павядзе ён у свет за сабой.

Шчасце вам усміхнецца з надзеяю,
Зорка ў небе для вас заблішчыць.
Лёс адкрые шляхі цудадзейныя,
Каб дастойна змагацца і жыць.



   НАШЫ  МАРШРУТЫ

Пратапталі да лесу сцяжынку,
Дзе крыніца з-пад камня цячэ.
Тут прахожы застыў на хвілінку -
Наталіць хоча прагу яшчэ.

Сцежка далей пайшла праз балота
У цяністы бярозавы гай.
Зелень лісця тут цешыць пяшчотай,
А грыбоў - не лянуйся, збірай.

Ты са сцежачкі вузкай не збочвай:
Накіруе яна да ракі.
На Купалу тут гоман дзявочы -
Запускаюць нявесты вянкі.

Толькі потым шмыгне на дарогу -
На гасцінец шырокі вядзе.
Тут праблемы свае і трывогі,
Вечны клопат працоўных людзей.

Кожны з нас вызначае маршруты,
Выбірае свой шлях у жыцці.
Адных вабяць прастор і славутасць,
Сціплы сцежкай імкнецца ісці.


    ГАДЫ  МАЛАДЫЯ

Ты мяне сустракала не раз.
Памятаеш гады маладыя?
І жанчыны ў вёсцы пра нас
Заснавалі легенды жывыя.

-	Ён не пара дзяўчыне такой:
Па красе ёй не знойдзецца роўных.
-	Я ж сустрэла іх там, за ракой,
Калі месяц ужо быў на поўні.

-	Памятаю я вечар вясной -
Былі танцы ў Зарэчанскім клубе -
І тады ўжо казалі, што ёй
Прапанову зрабіў ён аб шлюбе.

Пакуль вёска жыла навіной -
У прыцэле былі нашы душы.
Мне няведама, хто стаў віной,
Але ж сэрцаў саюз быў парушан.

Я Радзімы выконваў загад.
Ты паштоўкі вайскоўцу пісала.
Верыў слову твайму. І быў рад,
Што мяне па-сяброўску чакала.

Небяспекаю выбухнуў гром,
І маланкай паранена сэрца.
Перажыў я душэўны разлом,
Што нявернасцю ў людзях завецца.
Прыгадаю той памятны час -
Завярэдзіць мінулая рана.
Шматгадовы ўспамін не пагас:
-	Як жывеш ты, шаноўная панна?


         ЛЯСНЫЯ  ЗВЫЧАІ

Чалавек мае вопыт жыццёвы.
Памятаю бацькоўскі ўспамін
Аб прыгодах лясных. Яго словы
Быццам сведкі тых даўніх часін.

Пасля дожджыку спее грыбніца.
І заўзяты аматар дароў
Перад тым, як у лесе з'явіцца,
Перахрысціцца - звычай дзядоў.

У сасонніку ўздута ігліца.
Разгарні - і сядзіць баравік.
Не спяшайся хутчэй аддаліцца:
Побач брацік сяліцца прывык.

А на дрэве цікуе вавёрка -
Ёй патрэбен зімовы запас:
Напаўняе дупло або норку -
Гаспадыня ўсё робіць у час.

Затрашчала на елцы сарока -
Адчувае паблізу бяду.
Так і ёсць - у хмызняк недалекі
Сам важак вёў дзікоў чараду.

На дзялянцы пастуквае дзяцел -
Караедаў зніўшчае. А дрозд
Ад гнязда, падлятаючы, скача,
Быццам хтосьці ўчапіўся за хвост.

Чаго толькі не ўбачыш у лесе,
Пакуль кошык напоўніцца твой.
Колькі розных пачуеш тут песень,
Дыялогі бярозак і хвой.
Вось таму ад карцін Левітана,
Васняцова і Шышкіна той
Асалоду адчуе, хто рана
Сам вандруе па сцежцы лясной.

Нас, зямлян, адарыла прырода.
Толькі будзь гаспадар, а не госць.
Лес - крыніца жыцця, кіслароду.
Тут усё неабходнае ёсць.


    ВЕСНАВЫЯ  ДЗЯНЬКІ

Вясна-працаўніца -
Так кажуць здаўна.
Турбуе рупліўца,
Не дрэмле яна.

Найперш, чым за справу
Прыняцца хутчэй,
Павінна прыбрацца
У строі ярчэй.

Умыецца роснай
Халоднай вадой.
І выгляд дзівосны
У яе,  маладой.

І толькі пасля
Заклікае людзей:
Чакае зямля,
Пасяўная ідзе.

Юнак і стары
Выйшлі дружнай сям'ёй.
За работу, сябры,
Завіхайся, не стой.

Толькі тым дабрабыт
Гарантуе яна,
Хто ўменне і спрыт
Дэманструе спаўна.
Так шчыруюць штогод
На  палях землякі.
Радасць людзям нясуць
Веснавыя дзянькі.



     СВЯТЛО  ПЕРАМОГІ

Спеў птушыны разліўся над гаем.
Хваля жыта пад ветрам плыве
Беларусі маёй прысвячаю
Тую песню, што ў сэрцы жыве.

Шчасце людзям прыносіла праца:
Плён і радасць дарыла яна.
Вораг люты напаў. І змагацца
Нас паклікала з дому вайна.

Не давалі спакою фашыстам
Ні Гастэла, ні бацька Мінай.
Пехацінцы і артылерысты
Вызвалялі захоплены край.

І заззяла святло Перамогі -
Дух братэрства яго нам прынёс.
Памятаем шляхі і трывогі,
Што прадвызначыў кожнаму лёс.

Аб іх подзвігах памяць не згіне.
Не забудзем адважных сыноў.
Хто жыццё прысвячае Айчыне,
У строй песняй вяртаецца зноў.



       РОЗДУМ  ВЕТЭРАНА

У форме параднай - на лавачцы ў скверы, -
Дзе воінам помнік гірляндай абвіт,
Я бачу сівога, з кійком, афіцэра.
Ён пільна ўглядаецца ў чорны граніт.
На прозвішчах позірк застыў нечакана,
І думкі вярнулі былы ўспамін:
-	Вось гэты ў баі апрацоўваў мне рану,
А з тым  штурмавалі мы разам Берлін.

Сябры франтавыя. Байцы Перамогі.
Мы сёння схіляем галовы свае
Прад подзвігам вашым. Мы помнім дарогі,
Якімі сумесна ішлі да яе.

Шляхі не забудуць унукі і дзеці.
Аддзячыць зямля вас за велічны лёс.
За шчасце і мір, за жыццё на планеце
Сюды белы ландыш нашчадак прынёс.

У шлюбным убранні прыйшлі маладыя.
Аддалі загінуўшым нізкі паклон,
Усклаўшы да помніка кветкі жывыя -
Вось так нарадзіўся сумлення закон.

Пакуль жыве памяць - гісторыя будзе
Старонкі герояў вайны адзначаць.
Тварцы Перамогі - вялікія людзі.
І слова пра іх не павінна маўчаць.


Я  ПАКЛАНЯЮСЯ  ЖАНЧЫНЕ

У небе вырай жураўліны
Пераклікаецца. За ім
Працяглым позіркам дзяўчына
Вядзе адлік гадам сваім.

Прайшло паўгода. Роўным клінам
Сябры вяртаюцца дамоў.
Сустрэла іх ужо жанчына.
А ў сэрцы - вера і любоў.

-	Не адцвіла твая маліна, -
Важак заўважыў з вышыні.
Я бачу, што герой былінны
Цябе дастойна ацаніў.
-	Выбраннік мой з такой прычыны
Мне неаднойчы паўтараў:
-	Не забывай, што ты жанчына,
Такою Бог цябе ствараў.

Прыгожы стан, душу святую
Табе Усявышні даў як дар
І з ім наказ: "Няхай ратуе
Яна ад бед і чорных хмар"

Ты ноч не спіш - гадуеш сына.
За мужа молішся тайком.
У сям'і ты больш, чым палавіна:
Табой трымаецца ўвесь дом.

І не дарма паэтаў слынных
Увага звернута на вас.
Ва ўсе часы краса жанчыны
Каштуе болей, чым алмаз.

Усё ж прызнацца вам павінен -
І гэтым я не саграшыў, -
Што пакланяюся жанчыне
За прыгажосць яе душы.


             ВУЛІЦА

Нашай вуліцы вясковай
З роду шмат прайшло вякоў.
Быў раней тут бор сасновы
З царствам зайцаў і дзікоў.

Гэтай вуліцай калісьці
Праязджаў мясцовы пан.
Вецер гнаў увосень лісце,
Ткаў шматколерны дыван.

Сведкай войнаў небяспечных
Гэта вуліца была.
Шмат яна святых і грэшных
Да магілак правяла.
Так было ўсё тут спрадвеку -
Продкі нашы так жылі.
Прарастае чалавекам
Бацькаў корань ад зямлі.

А цяпер - асфальт, катэджы.
Іншамаркі днём снуюць.
Побач - сіласныя вежы.
Салаўі ў садах пяюць.

Летам дзецям тут раздолле -
Весялосць ім, жарты, смех.
Ажывае наваколле
Ад гарэзлівых уцех.

А старэйшым - клопат вечны
Аб зямлі і пра сям'ю.
Але кожны з нас, бясспрэчна,
Любіць вуліцу сваю.




              НА РЭЧЦЫ

Летам заўсёды на рэчцы раздолле.
Хлопцы з дзяўчатамі бавяць дзянькі.
Сонечны пляж не пустуе ніколі
А там, за ракітай, сядзяць рыбакі.

На беразе воддаль сустрэліся двое -
Усмешкі на тварах, і кветкі ў руках.
Дзве чайкі ўзняліся над чыстай вадою
І побач прадоўжылі шлях.

Звесіла голле над рэчкай каліна,
Лісцем кранаецца светлай вады.
Мараць аб шчасці юнак і дзяўчына -
Хай ім шанцуе заўжды.

Белыя ліліі лашчаць затоку.
Рыба знянацку ўздымае кругі.
Бусла заўважыш няшпаркія крокі -
Як гаспадар аглядае лугі.

Птушкі шчыруюць над воднаю гладдзю,
Ловячы мошак. На быстрыні
Гойдаюць хвалі вянок. - Мо прысядзем?
Як тут прыемна навокал, зірні!




       А  КАХАННЕ ЖЫВЕ

Я гляджу на свае спрацаваныя рукі,
І праносяцца думкі ў сівой галаве,
Як дзяцінства прайшло. Як пайшла я ў навуку.
А каханне і сёння у сэрцы жыве.

Памятаю аб тым, што казаў пры сустрэчы.
Прыхіне да сябе і рамонкі сарве.
Я чакала, калі прыдзе радасны вечар.
Праляцелі гады. А каханне жыве.

З ім вяночкі пляла. І ў ваду апускала.
Наглядала, куды талісман прыплыве.
Не забыць мне тых дзён, хоць бабуляю стала.
Сэрца сведчыць, што вечна каханне жыве.



ЯК СОНЕЙКА Ў АКНЕ

Ты многім падабаешся:
З табою весялей.
Сустрэчным усміхаешся.
З сяброўкамі смялей.

Завуць цябе прарочыцай,
Чакаючы парад.
Дапытлівым жа хочацца
Засвоіць твой азарт.

Павагай карыстаешся,
Бо шчырасць - сябар твой.
Рабіць дабро стараешся,
Забыла пра спакой.

Пяшчоты, чалавечнасці
Табе не пазычаць.
Зайздрошчу я сардэчнасці,
Што дорыць благадаць.

І тварам ты прыгожая,
Таму і люба мне.
Блішчыць іскрынка Божая,
Як сонейка ў акне.


ПРАВЕРКА  НА  СТАЛАСЦЬ

                      Паэма

Адгула, адгрымела вайна.
Гераізм нам прынёс Перамогу.
Сустракала салдатка адна
Свайго мужа на твары з трывогай.

Землякі расказалі, што ён
Быў паранен аксколкам гранаты,
Калі ў горадзе іх батальён
Штурмаваў цытадэль супастатаў.

Кожны дзень выглядала яна
На шырокі жвіровы гасцінец.
Ёй і ноччу было не да сна -
Можа дзверы знянацку адчыніць.

Час прыйшоў. І з'явіўся салдат.
Жонка шчасця свайго не хавала,
Што ўцалелы вярнуўся назад,
Хоць нага карацейшаю стала.

Ліхалецце ваеннай пары
І гады, што пасля перажыты,
Памятаюць малы і стары,
Калі ў хаце ні бульбы, ні жыта.

Ды надзеяй жыве чалавек,
Калі ёсць галава, служаць рукі,
Трэба ж бедных удоў і калек
Лёс аблегчыць - узяць на парукі.

Зноў вярнуўся у строй франтавік -
Па душы яму мірная праца.
Стаў ён першы ў сяле будаўнік.
Тут таксама патрэбна змагацца.

Звон пілы, мерны стук тапара
Не змаўкалі ад ранку да ночы.
Любавалася ім дзетвара:
Перад хлопцамі - прыклад рабочы.

Кожны год харашэла сяло.
Землякі наваселлі спраўлялі.
Колькі шчасця на тварах было!
Працу майстра вяскоўцы ўслаўлялі.

Тым жа часам мацнеў дабрабыт.
Зацяжарыла жонка Людміла.
Жартавалі над Косцем сябры:
-	Хай бы сына табе падарыла.

У жанчын падрыхтован свой сказ:
Прыгажуню Людміла народзіць.
Бацька ж толькі ўсміхаўся ў адказ,
Бо жылі яны з жонкай у згодзе.

Медсястрой у роддоме была
Паважаная ўсімі суседка.
Яна першай з жыхарак сяла
І прынесла прыемную вестку.

Урачыста, пры людзях, як след
Віншавала яна Канстанціна:
-	Падарыў табе Бог, мой сусед,
Двух блізнятак - дачушку і сына.
Ну, а жонка ад шчасця твая
Аж на сёмым знаходзіцца небе.
Багацее хай ваша сям'я -
І ўручыла сальнічку на хлебе.

Ганарыцца ты можаш цяпер:
Дом узведзены, маеш і сына.
Ёсць садок. А існуе павер,
Што такі гаспадар - малайчына.

Неяк майстра сустрэў старшыня
І гаворку павёў аб рабоце:
Для цябе ёсць адна вышыня -
Будаўніцтвам людзей заахвоціць.

Землякі прапануюць, каб ты
Кіраўніцтва ўзначаліў брыгадай.
Маеш вопыт. І гэты матыў
Быў улічан мясцовай уладай.

Будаўніцтва шырокі размах.
Гаспадарка.  Падросшыя дзеці.
Гэты клопат не выклікаў жах:
Ён прайшоў як салдат па планеце.

Жонка слёзна прасіла не раз:
-	Пашкадуй ты сябе, мой каханы.
Вечна ў працы. А ён у адказ:
-	Зажыла б толькі даўняя рана.

На рабоце не чуецца боль,
Ну, а ў непагадзь часам заные.
Той асколак - ваенны пароль.
Яны - сведкі геройства нямыя.

Калі выпадзе час адпачыць,
Дзеці бацьку сагрэюць пяшчотай.
Маці сцішыцца, доўга маўчыць,
За сям'ей наглядаючы ўпотай.

Кацярына галубкай снуе,
Лашчыць бацьку па твары рукою.
Толя ўжо да пляча дастае.
І пацехай ахоплены трое.

-	Пакажы нам свое медалі, -
Сын звяртаецца з просьбай да бацькі.
Загарэліся вочы, калі
З шафы кіцель дастаў ён салдацкі.

-	Бацька ваш быў някепскі салдат.
Досыць нюхаў ён пораху, дыму.
Адстаяў у баях Сталінград.
Двойчы ранены быў за Радзіму.

Самы першы салдацкі медаль
Мне ўручылі за бой пад Калугай.
Мы фашыстам наладзілі баль -
Вось адсюль - баявыя заслугі.

Тая бітва, што Курскай дугой
У гісторыі нашай завецца,
След пакінула: танкавы бой
Загартоўваў салдацкія сэрцы.

Ордэн  "Славы" я тут атрымаў
За тры танкі падбітых - "Пантэры".
А пасля віншаванні прымаў.
І жывым што застаўся - не верыў.

Аперацыю "Баграціён"
Я  "Чырвонаю зоркай"  адзначыў.
Ракасоўскі ўвесь наш батальён
Віншаваў з выкананнем задачы.

Мы на захад працягвалі шлях
Праз Варшаву, Белград і на Прагу.
Вызвалялі Еўропу ў баях.
Таму сведкай - медаль  "За адвагу".

Зацікаўленасць родных дзяцей
Да бацькоўскіх заслуг - знак пашаны.
Тут гісторыя. Веліч падзей.
І сам подзвіг, крывёй знітаваны.
Жонка слухала споведзь не раз
Патрыёта, мужчыны, салдата.
А цяпер павучальны наказ
Прагучаў сваім дзецям ад таты:

Чалавек ганарыцца зямлёй,
Дзе легендай гісторыя стала.
Вам тут жыць. Памятайце аб ёй.
Гэта ваша праверка на сталасць.

…Час ідзе. Вось ужо шэсцьдесят
Адзначаем мы з Дня Перамогі.
Мае ўнукаў бывалы салдат,
Але помніць юнацтва трывогі.

Цешыць тое, што слава дзядоў
Маладымі людзьмі не забыта.
Пераемнасць традыцый сыноў -
Гэта сімвал пачуццяў адкрытых.

Вызваліцелям будзе стаяць
Вечны помнік з граніту і сталі.
Перамогу у нас не адняць:
Яна ў сэрцах і на п'едэстале.

Пакуль памяць аб продках жыве,
Заспакоены нашыя душы.
Мір табе, працаўнік-чалавек.
І дэвіз гэты нельга парушыць.


АБ  МІНУЛАЙ  ВАЙНЕ  РЭПАРТАЖ

Урачыстасці ладзяцца важныя:
Юбілеем пазначаны год.
У цэнтры ўвагі - салдаты адважныя,
Якіх любіць і цэніць народ.

Ветэраны - бясстрашныя воіны.
Гэта гонар і летапіс наш.
Імі шлях ратнай доблесці пройдзены.
Вось аб гэтым для вас рэпартаж.
Бог вайны - артылерыя грозная,
Як зазначыў яе прадстаўнік,
Летняй спёкай і ноччу марознаю
Рыхтавала фашыстам  "пікнік".

Пехацінец падлічваў адлегласці -
Колькі доўжыўся памятны марш.
А танкіст вёў гаворку аб смеласці -
Як змагаўся яго экіпаж.

У разведчыка  словы рашучыя -
Тут патрэбен і спрыт, і разлік.
Не зважалі на раны балючыя:
Даставаўся нялёгка  "язык".

Ас паветраны голасам дыктара
Аб маршрутах начных гаварыў.
Як бамбілі рэйхстаг, стаўку Гітлера,
Як на Вісле завершан прарыў.

Партызанскія справы вядомыя -
На чыгунцы і ноччу, і днём
Гаспадарылі хлопцы знаёмыя,
Сустракаючы фрыцыў агнём .

Юбілей Перамогі над ворагам
Адзначае краіна мая.
За яе заплацілі мы дорага.
Гэта кожная помніць сям'я.




     СКАРБ  ДЛЯ  ДУШЫ

З любоўю чытаю Някрасава вершы:
Знаходжу ў іх музыкі звон.
З паэтаў усіх менавіта ён першы
Навеяў мне казачны сон.

Здаўна паланіла высокая ліра -
Гармоніяй сэрца гучыць.
Лунае яна на вяршынях Паміра,
На крылах да неба імчыць.

Адвечна пытанне - жыць вершам ці прозай?
І ў кожнага розны адказ.
У вершах пачуцці насычваюць розум.
І гэта прыемна для нас.

Спрачацца не буду - раман ці паэму
Адкрыў прад сабою чытач.
Яго захапленне - прывычная тэма:
Каханне, дзе радасць і плач.

А класік вядомы заўважыў аднойчы:
Паэзія - скарб для душы.
Узнёслае слова бяссмерце прарочыць.
Як зрэнку яго беражы.



               ЗГОДА

Бярозка глядзіцца паненкай.
У клёна - прываблівы стан.
Дарога між імі як лента,
Навокал - квяцісты дыван.

Суседа зялёнай касою
Яна спакусіла з тых пор,
Як ціхай вячэрняй парою
Звярнулася з просьбай да зор:

-	Скажыце, нябесныя сведкі,
Дзе мой нарачоны жыве?
Вянок яму з папараць-кветкай
Няхай ад мяне прыплыве.

Падслухаўшы тую размову,
З журботай задумаўся клён.
Якое ж мне вынайсці слова,
Што возьме суседку ў палон.

Тут месяц прыйшоў на спатканне.
-	Прынёс я параду сваю:
Бярозцы патрэбна каханне,
Як песня вясной салаўю.

Над лентай сплятаецца голле.
І лісце іх згодай шуміць.
Пацвердзіць цяпер наваколле,
Што клёну з бярозкаю жыць.


РЫЗЫКОЎНАЯ  ЖАРТАЎНІЦА

Ля райцэнтра, у сяле,
Дзе дзяўчаты слаўныя,
Напаткаў мяне начлег -
Справы надзвычайныя.

Тут гісторыю пачуў
Ад сялян дасведчаных.
Расказаць і вам хачу,
Што людзьмі падмечана…

У дзяўчыну два хлапцы
Моцна закахаліся.
Тварам, станам - малайцы,
Не займаць ім сталасці.

Аграномам быў адзін -
Вельмі ж ганаровы.
А ляснік - суседа сын -
Той  - круты на словы.

Быццам з мышкамі яна
Кошкай забаўлялася:
З гэтым ходзіць да цямна,
Ноччу - з тым страчалася.

Бачаць хлопцы - краля іх
Конікі выкідвае.
За нос водзіць абаіх,
Жартуючы з брытваю.
…Дзень анёла ў яе.
Яны ў дом запрошаны.
Імянінніца пяе
Пра жыццё харошае.

Захацелася пры ўсіх
Дзеўцы пакуражыцца.
-	З кім мяне сусед-ляснік
Параўнаць адважыцца?

Той, маргнуўшы сябруку,
З хітрасцю сялянскаю
Кажа: - Я цябе магу
Параўнаць з паганкаю.

Твар змяніўся. Быццам гром
Страсянуў аколіцу.
-	А што скажа аграном?
На чым ён праколецца?

-	Мне з табой адна бяда,
Ветраніца модная.
Ты, як тая лебяда,
Для жыцця нягодная.

Падняліся ўдвух яны,
З краляй развіталіся.
Яна ж стала ля сцяны:
Ногі ледзь трымаліся.

Не чакала, што фінал
Для яе так скончыцца.
Зразумела ў чым віна -
Позна ўжо варочацца.

З тых часоў сяло жыве
Прымаўкай сялянскаю -
Жартаўніц такіх заве
Лебядой, паганкаю.



ЧАЛАВЕКУ  ЎЛАСЦІВА  ЗДЗІЎЛЯЦЦА

Бачу майскую квецень на дрэвах -
Снег пялёсткаў абсыпаў сады.
Бы не груша цвіце - каралева
Завітала на свята сюды.

Залюбуешся пчолкамі ў працы -
Вось бы нам гэткі рытм і настрой.
Чалавеку ўласціва здзіўляцца,
Як дакладна шчыруе іх рой.

Прыпадае касец да крыніцы:
Прагу хоча вадой наталіць.
А струмень затрымацца баіцца -
І зімою, і ўлетку журчыць.

Касманаўт у сусвеце лятае -
Усміхаюцца зоркі яму.
Навіна чалавека здзіўляе:
Хто стварыў іх?  І свецяць каму?

Безліч цудаў. Я мушу прызнацца:
На зямлі, у паветры, у вадзе
Есць чаму нам штодённа здзіўляцца,
Калі пільна на свет паглядзець.




НА  ЖЫЦЦЁВАЙ  ВЕРТЫКАЛІ

За баранкай іншамаркі
З цыгарэтай з-за мяжы,
У адзенні стыльным, яркім
Юра круціць віражы.

Бацька сыну ў падарунак
"Татру"  з Чэхіі прыгнаў.
-	Хоць нашчадак яшчэ юны,
Паспрабуе хай забаў.

А яго равеснік з вёскі
Косіць сена, жыта жне.
І увагі на прычоску
Не звяртае. Па спіне

І па твары пот струменіць.
Працай славен Канстанцін.
Вось дзе школа для сталення,
Загартоўка для мужчын.

…Час мінуў. У бацькі з Юрам
Пачаліся нелады.
Часта ходзіць ён пануры:
Ключ шукае ад бяды.

Вырас сын непрадказальны
Ва ўчынках - курыць, п'е.
У гісторыях скандальных
Засвяціўся. Жонку б'е.

А тым часам маці Косці
Не нахваліцца сынком:
Дбайны, чулы і без злосці,
І да жонкі - галубком.

Вы ж, напэўна,  сустракалі
Хлопцаў гэткіх? І не раз.
На жыццёвай вертыкалі,
Што б параілі ў адказ?


           ШЧАСЦЕ

Людзі марылі вечна аб шчасці.
А якое на погляд яно?
Колькі вершаў аб ім можна скласці?
Праз якое убачыць акно?

Колькі шчасце сягоння каштуе?
Запытайцеся ў маці аб тым.
Яна скажа: хто дзетак гадуе,
Той малітву ўзносіць святым.
Колькі доўжыцца шчасце для любых?
Вам адкажуць нявеста й жаніх.
Век пражыць, шанаваць і галубіць -
І жыццё пранясецца як міг.

Калі шчасце паложыш на вагі,
Каб уласны прадвызначыць лёс,
Тут заўважыш любоў і адвагу,
Веліч спраў, што ты людзям прынёс.

Колер шчасця таксама адметны.
Кожны сам выбірае - які:
Тут аб гусце мяркуюць канкрэтна -
Ландыш, ружа або васількі.

Словам, шчасце, як сонца ў сусвеце,
Біяграфію мае сваю.
Нам, зямлянам, па-рознаму свеціць.
Я па гэтым людзей пазнаю.


        КАНТРАСТЫ

Дом  шыкоўны на ўсю вёску.
Побач - хата, бэз і клён.
Збудаванні - адгалоскі
Часу, моды і персон.

Асабняк, плюшчом абвіты,
Быццам церам зіхаціць.
Чарапіцай дах пакрыты.
Унутры - усё блішчыць.

У жыллі звычайным сціпла -
Тут мадэрна не відаць.
Па-сялянску ў нас прывыклі
Хлебам-соллю сустракаць.

Гаспадар пакояў царскіх
Светам замкнутым жыве.
На падвор'і  дзве аўчаркі
Шпацыруюць па траве.
У дні святаў двор сялянскі
Песні дорыць землякам.
Тут па звычаях славянскіх
Жарты з чаркай папалам.

У асоб са знатным стылем
Няма часу для пацех:
Душы чэрствыя астылі,
Бізнес іх завёў у грэх.

Бачыў я даволі часта
З'явы розныя ў жыцці:
Век наш - зборышча кантрастаў.
Цяжка нам іх абыйсці.




     ДАРАЖЫЦЕ  ХВІЛІНАМІ

Час глядзіць на мяне - правярае.
Быццам школьны ўрок паўтарае.
Што зрабіў за жыццё - пакажы ты,
Колькі вырасціў яблынь, ці жыта.

Як служыў сваёй роднай Айчыне?
Дзе прзнаўся ў каханні дзяўчыне?
Чым бацькоў сваіх цешыў на свеце?
І кім сталі ўласныя дзеці?

Землякі пра цябе што раскажуць?
Тваю працу, напэўна, узважаць?
Мабыць, дзякаваць будуць і птушкі,
Што зімой насыпаў у кармушкі.

З паднябесся спытаюць анёлы:
-	Чаму быў у жыцці невясёлы?
Час з  разгонам  касмічным  нясецца.
Што ад нас на зямлі застанецца?

Даражыце хвілінамі часу:
Ён важней, чым валютная каса.
            ЮБІЛЯРЦЫ

Часопісу "Алеся" - 80

Усміхнуўся анёл з паднябесся:
-	З юбілеем віншую,  "Алеся"!

Я ўзросту твайго не пытаю -
Для мяне ты заўжды маладая.

Заварожыш любога каханнем
І ў палон забярэш да світання.

А якая ты чулая маці,
Сведчыць шчырая ўсмешка дзіцяці.

Інтарэс да цябе не астыне,
Бо наш лёс у руках гаспадыні.

Тваёй працай кватэра сагрэта.
І ад нас табе - кветкі за гэта.

Пра цябе напісаць бы паэму -
І тады б я не вычарпаў тэму.

Зычу новых задум і здзяйсненняў.
Рэдкалегіі - шчасця, натхнення.


СЛОВА  ІДЗЕ  АД  ЖЫЦЦЯ

Не з-за воблачных сфер
І бязмерных вышыняў -
Данясі свой радок
Да глыбінь пачуцця,
Каб пазнаў чалавек,
Як кахаць ён павінен,
Каб у вершы адчуў
Асалоду жыцця.

Пакажы прыгажосць
Навакольнага свету,
Каб дзівіцца маглі
І малы, і стары.
Каб ад кветак штогод
Харашэла планета.
Пра пяшчоту людзей
І дабро гавары.

Раскажы землякам
Аб рупліўцах старанных,
Як жыве і шчыруе
Жанчына ў сям'і.
Ці заўсёды карысны
Праграмы экрана
Малым непаседам
Гадоў да сямі?

Між нас ёсць крыху
Гультаёў і зладзеяў.
(Грамадства павінна
Хваробы лячыць)
Ці змог гэтым людзям
Адкрыць ты надзею?
І даць ім у рукі
Ад шчасця ключы?

Сучасны чытач -
Чалавек справядлівы.
Размова тады
Атрымае працяг,
Калі ты яму ты даў
Накірунак шчаслівы,
Бо слова павінна
Ісці ад жыцця.


        ВЯСНОВАЯ  РАНІЦА

Промні сонца заззялі над вёскай,
У нізінах клубіцца туман.
На траве, пасвяжэлай і роснай,
Быццам вытканы з кветак дыван.

Птушкі шчэбетам нас сустракаюць,
Наваколле размову вядзе
Мовай гукаў, што ўсё абуджаюць,
Нібы рой тут пчаліны гудзе.

Па-над возерам чайка лунае,
Вецер-жэўжык за хваляй бяжыць.
Салаўіная трэль не змаўкае,
Ліст таполі маўкліва дрыжыць.

А паветра - надыхацца нельга -
Як крыніцы гаючы глыток.
З чысцінёй і празрыстасцю неба
Параўнаць можна гэты куток.

Фарбы квецені радуюць вока
І сама прыгажосць тут - сады.
Хто да нас прыязджае здалёку,
Той палюбіць наш край назаўжды.


КАБ ПАЭТ ТОЛЬКІ ШЧАСЦЕ ПРАРОЧЫЎ

Шлях паэтаў - не самы зайздросны.
Не сказаць пра іх лёс не магу.
У іх вершах - прыгожыя вёсны,
Кветак пах, аксаміт мурагу.

Услаўляючы ўзнёсласць кахання,
Адчыняюць абдымкі душы.
Веліч подзвігаў, мужнасць змагання
Разам з імі і я перажыў.

І, аддаўшы даніну павагі,
Аднаго не магу разгадаць:
Як душэўны разлад раўнавагай
Не маглі сілай волі стрымаць.

Пасланец і кумір пакаленняў,
Прыгажосці людской эталон,
Шлях закончыў трагічна Ясенін
І аддаў сябе смерці ў палон.
Росквіт сіл. У кватэры маскоўскай,
Дзе пісаў свае творы паэт,
Звёў рахунак з жыцём Маякоўскі -
Побач з ім тут знайшлі пісталет.

І Марыны Цвятаевай доля
Драматызм і трагічнасць нясе.
Смерць паэткі ўспрыймаецца з болем:
Яе творчасць цанілі ўсе.

Падабаюцца вершы Рубцова:
Штосці новае лірык прынёс.
І прароцтва пацведзіў ен словам,
Прадсказаўшы трагічнасці лёс.

Я хачу, каб душы чарадзеі
З аптымізмам любілі Зямлю.
На жыццё з захапленнем глядзелі,
Разумеючы ролю сваю.

Пры абставінах светлых і змрочных
Людзям зычылі мір і дабро.
Каб паэт толькі шчасце прарочыў
І каханню служыла пяро.


      РАДКІ ДЛЯ ЦЯБЕ

Хлебам, соллю цябе сустракаю
І сяброўствам з табой даражу.
Табе гэты радок прысвячаю,
Слова праўды адкрыта скажу.

Чалавек дабрынёй пазнаецца,
І любоў акрыляе яго,
Калі чуткія водгукі сэрца
Дасягнулі пачуцця твайго.

Заўважаю цікаўнасць да слова
І святло тваіх мудрых вачэй.
Гэта - дар для людзей адмысловых:
З імі крочыць і жыць прыгажэй.
Будзь свабодны, як вольная птушка,
Прад табой - шыр бязмежных дарог.
Пасцялю табе коўдру з падушкай,
Каб не ведаў ты бед і трывог!


СВЯТЛО МАЛІТВЫ

У храме збіраюцца людзі,
Каб душу ачысціць. Бо тут
Малітва іх сэрцы абудзіць
І вызначыць лёсу маршрут.

Анёлы з вышынь паднябесных
Нясуць нам надзеі святло,
Каб Божая Маці ўсіх грэшных
Святым агарнула крылом.

Малітву чытаюць і ў працы,
Хто з верай Гасподняй жыве.
Даброты не могуць стварацца,
Калі ачарствеў чалавек.

Малітва - духоўная споведзь.
Яна - як жыццёвы маяк,
Вякоў з пакаленнямі повязь,
Адметны душэўнасці знак.



           СЯБРОЎСТВА

Жыццё падарыла нямала сюрпрызаў.
З сабой у скарбонку такія бяры,
Якія б былі цудатворным дэвізам.
Мне ж так даспадобы сугучнасць - сябры.

Сябруем мы з песняй, што жыць памагае:
Яна падымае душэўны настрой.
Мелодыя птушкай над краем лунае
І ў працы натхненне стварае парой.

Хто кнігу сяброўкай надзейнаю лічыць,
Таму адкрываецца велічны свет.
Тамы фаліянтаў змяняюць аблічча
Не толькі народаў, а цэлых планет.

Лясное сяброўства - асобага роду:
Тут цэх кіслародны, зямлі прыгажосць.
І веліч твая, наша маці-прырода.
Усім карыстайся, як казачны госць.

Нам радуюць вока лугі і палеткі,
Дзе колер вяселкі ў красках жыве.
Сімфонія цуда насычана ў кветках,
Іх водар гаючы ў паветры плыве.

З пашанай вітаю сяброў нашых меншых -
Яны ўвасабляюць дабро на зямлі,
Карысць нам прыносяць. Паплечнікаў лепшых
У гісторыі людзі сабе не знайшлі.

Сяброўства здаўна ўспрыймаецца намі
Як сімвал даверу, павагі, любві.
Шануй гэты дар: ён завешчан бацькамі
Законамі продкаў і сёння жыві.


РОДНЫЯ ЛЮДЗІ

Дзяўчына красой захапляе сваёй -
Каханы яе не забудзе.
Вяселле абручыць сумленнай сям'ёй.
З іх выйдуць прыгожыя людзі.

Багацце не цешыць, як згоды няма, --
Яго мы ў працы здабудзем.
Жыццё без кахання - дык гэта ж турма.
 Так кажуць прыстойныя людзі.

Калі ў чалавека ніякай віны,
Хіба ж яго хтосці асудзіць?
Не могуць за бацьку адказваць сыны,
Згадзіцеся, добрыя людзі.
Шчаслівая жонка прыгожа жыве,
І муж яе зранку не будзіць…
Абед прыгатуе, за стол пазаве -
Зайздросцяць сямейныя людзі.

Здароўе сваё беражыце, браткі,
Хай спорт вам паплечнікам будзе.
Хваробы адступяць ад вас на вякі -
Так лічаць разумныя людзі.

Учынак раз'юшаны кліча бяду.
А лютасць у час хто астудзіць
І збавіць ад гвалту і крыўд грамаду?
Разважныя, смелыя людзі.

Хто верай і праўдай жыве на зямлі,
Упэўнен, вас Бог не забудзе:
З надзеяй на шчасце у свет прывялі
Бацькі нашы - родныя людзі.


ПАРАМЕТРЫ  СЭРЦА

Шчырасць людская
З нябёсаў пральецца -
Шлях яе зорны
Праходзіць праз сэрца.

Боль ці няўдача
У нас адгукнецца
Смуткам і плачам -
Хвалюецца сэрца.

З родным,  каханым
Жадаем сустрэцца.
Ён Богам посланы -
Падказвае сэрца.

Праз сон у калысцы
Дзіця ўсміхнецца -
І радасцю поўніцца
Матчына сэрца.
На вернасць Айчыне
Салдат паклянецца -
У баі сам загіне,
Не здрадзіць ён сэрцу.

Хворага лечыш -
З табой застанецца
Божая літасць
І чуласць у сэрцы.

Калі ж выпадкова
Жыццё абарвецца,
Родных і блізкіх
Пакутуюць сэрцы.

Крочыш з малітвай -
Анёл твой імкнецца
Шчасце пасеяць
У велічным сэрцы.

Бяды няма горшай,
Калі адрачэцца
Ад болю людскога
Бяздушнае сэрца.

Я ўсім ахвярую -
Сумленню паверце,
Каб чуткімі бачыць
Сяброўскія сэрцы.

Нішто так не зможа
Душы даць сагрэцца,
Чым шчодрае вечна,
Гарачае сэрца.

Усім землякам
Няхай добра жывецца.
Вось толькі тады
Заспакоіцца сэрца

І ноччу, і днём
Дзеля нас яно б'ецца.
Хто вызначыць можа
Параметры сэрца?



ПРА  ЦЯБЕ  З  ПЯШЧОТАЮ

Стройнаю фігураю
І святлом вачэй
Ты мне прыглянулася -
Я ўздыхнуў лягчэй.

Вецер твае локаны
Хоча абарваць -
Чым жа, мая любая,
Будзеш чараваць?

Быццам бы пуховая -
У танцы не стрымаць.
Як жа, чарнабровая,
Мне цябе абняць?

Вусны ўсміхаюцца -
Як рубін гараць,
А са мной спаткаюцца -
Шчасцем зіхацяць.

Сонейка спякотнае
З неба промні лье,
Пра цябе з пяшчотаю
Думкі ўсе мае.

Сэрцы ў рытме зладжаным
Песняй ажылі.
З выраю вяртаюцца
Клінам жураўлі.






         СЭРЦА  ГРАФІНІ

Адкуль пачынаецца мой радавод?
З ракі паэтычнай - Арэса,
З зямлі, на якой выспяваюць штогод
Рупліўцы і творцы прагрэсу.

Край наш багаты крынічнай вадой,
Дарамі спрадвечнымі лесу.
Заявіцца госць - уваскрэсне душой,
Бо тут сабе выбраў прынцэсу.

Імя паўтарае ён днём і ўначы,
Партрэт яе - водбліск іконы.
Зусім не падобны на іншых жанчын,
Таму ахрысцілі - Мадоннай.

А слова прамовіць - сагрэе яно,
У моцны мароз не астыне,
Бадзёрыць, як лепшае ў свеце віно
Пад назваю "Сэрца графіні".

Паходка і стан заварожваюць зрок.
Увага ёй - справа і злева.
Пад поглядам пільным упэўнены крок.
Дарогу - ідзе каралева.

За любым сваім як галубка ляціць.
Жаноцкасць - заўсёды да твару.
З чарнявых вачэй закаханасць іскрыць.
І мудрасць - царыцы Тамары.

Такіх прыгажунь нараджае зямля,
Дзе сонейка ласкава свеціць.
Табой ганаруся, Радзіма мая.
Красуйся ў чароўных суквеццях.


      РАТУНАК  ДУШЫ

Першыя промні ў паветры празрыстым.
На траўцы зялёнай раса
Пераліваецца фарбай агністай -
Вечнай прыроды сляза.

Плачуць вясной прыгажуні-бярозы,
Сокам частуюць гасцей.
Лечаць нас, грэшных, салодкія слёзы -
Іх кроплі крышталю чысцей.

Колер жыцця вымяраецца часам,
Які нам прадвызначыў лёс.
А хто з суразмоўцаў сцвярджальна адкажа,
Што ведае прысмакі слёз?

Горкія кроплі сцякаюць па твары,
Калі напаткала бяда.
Надзея прыходзіць - з вачэй светла-карых
Святая струменіць вада.

Адолеў салдат франтавыя дарогі -
Народу  збаўленне прынёс.
У сэрцы заззяла святло Перамогі -
Не тоіць ён радасці слёз.

Дзесяткі гадоў мы чакаем спаткання
З сябрамі юнацкай пары.
На памяць прыходзяць нам словы кахання
І спеў салаўя на зары.

Легенды засведчылі прыкладаў многа,
Што слёзы - ратунак душы.
Каб сення і заўтра пазбегнуць трывогі,
Па праўдзе жыві, не грашы.


      САРОКА  І  ДЗЯЦЕЛ

                   Байка

Разнастайны свет птушыны
Цешыць нас. Вякі прайшлі,
Але й сёння ёсць прычыны
Птушак славіць на зямлі.
Бачыў сам уласным вокам,
Як вялі паміж сабой
Дыялог мадам Сарока
З Дзятлам ранняю вясной.

-  Як жывеш? - Сарока кажа, -
Чым займаўся ў гэты час?
-	Спраў, - зазначыў Дзяцел важна, -
Хопіць з лішкам для ўсіх нас.

Беспрацоўя я не ведаў,
Бо штодзённа шчыраваў:
Лес лячыў ад караеда,
Тлю з галінак даставаў.

Не хачу сабой хваліцца:
Самахвалам не вязе -
Збудаваў дупло сініцы,
Мухалоўка - на чарзе.

А ў цябе, напэўна, многа
Добрых вестак і навін?
Усе збягаюцца дарогі
Да сарочыных мясцін.

-	Што сказаць табе на гэта?
На сябе я пагляджу, -
Як і ты  -  зімой і летам
Без работы не сяджу.

Вось сяброўцы па сакрэту
Раду слушную дала:
"Чым выкурваць цыгарэту,
Лепш бы горкую піла".

А другой даўно казала:
"Развядзіся з мужыком,
Не мужчына ён - завала,
Пажыві з халасцяком".

Кожны дзень вось так, да поту,
Баўлю час. Лячу. Крычу.
Не бярэ мяне лянота -
Ва ўвесь голас стракачу.
.
Вось гісторыя якая
Мне прыснілася ўначы.
Калі сон хто адгадае,
Падзяліся - не маўчы.

…Сонца дорыць пазалоту,
Промні сыпле нездарма.
Бачу Дзятла за работай.
А Сарокі тут няма?


СТАРОНКІ  АЛЬБОМА
               Паэма

Чырванню цешаць нас гронкі каліны -
Быццам застылі яны над ракой.
Лёс чалавека жыве ва ўспамінах.
Хочаш зірнуць - дакраніся рукой.

Час дазваляе - старонкі альбома
Перагартай і ты вернешся зноў
У свята дзяцінства бацькоўскага дома,
Дзе мноства прыснілася казачных сноў.

Вось тут маладзіца - прыгожая маці
Касу заплятае дачушцы сваёй.
І хочацца ёй, каб Бог долю дзіцяці
Шчаслівую даў, надзяліўшы красой.

На здымку наступным дачка - вучаніца,
І погляд дапытлівы сведчыць аб тым,
Што маці вучобай яе ганарыцца
І шэпча малітву нябесным святым.

Сярод старшакласнікаў - ты прыгажуня.
І хлопцы праходу табе не даюць.
Так цешыцца сейбіт зялёнаю рунню,
Калі салаўі на світанку пяюць.

А вось і партрэт твой з касою чароўнай.
На вуснах усмешка, загадка ў вачах.
І выгляд самой беларускай князёўны.
Які ж ёй наперадзе суджаны шлях?

Студэнцкая сцежка ў жыцці напаткала -
Філфак БДУ табой выбраны быў.
Жыццё па-сапраўднаму нас гартавала.
І я гэты момант дасюль не забыў.

Запомніўся дзень нашай першай сустрэчы -
Размовы, знаёмства, юнацкі настрой,
З табою праведзены чэрвеньскі вечар,
Сяброўская шчырасць, як з роднай сястрой.

Паштоўкі пазней нас з табой сагравалі,
Цярпліва, з надзеяй чакалі мы іх.
Бо тыя лісты нашы сэрцы злучалі,
І мы не хавалі пачуццяў сваіх.

Старонка яшчэ перагорнута. Бачу
Хлапца з круглым тварам, з адкрытай душой.
Напэўна, ён лёс твой пазней перайначыць,
Бо побач і ты з ім, як кветка вясной.

Далей - віншаванні на картках стандартных,
Якія вайсковец каханай даслаў.
Па ўсім відавочна - яны таго варты:
Часцінкай жыцця твайго хлопец той стаў.

Цікавая рэч, ды паштоўкі паўвека
Змагла захаваць твая памяць аб ім.
А колькі вады ў гэты час усе рэкі
Пранеслі цячэннем магутным сваім?

Мільгаюць старонкі лістоў прад вачамі -
Прыгожыя дочкі і ласкавы сын.
І ты побач з імі - шаноўная мама -
Прыемны дастойнай сям'і ўспамін.

Засведчыў фатограф і шлюбныя даты,
Калі твае дзеці ідуць пад вянец.
Бацькам - гэта радасць, жывуць хай багата.
За гэткіх не прыйдзецца вам чырванець.

Мінулі часы. Працавітыя рукі
Стварылі нашчадкам дастатак, спакой.
Нарэшце, у хаце з'явіліся ўнукі -
І зноў урачыстасць з нагоды такой.

І раптам,  як гром,  напаткала няшчасце -
Пакінуў зямлю ад  хвароб гаспадар.
Прыйшлося жанчыне нямала прыкласці
Старання і сіл на сямейны алтар.

Імгненнем дзесяткі гадоў праляцелі.
Старонкі альбома засведчылі ўсё:
Маршчыны на твары, калі мы старэлі,
І радасць, і гора - жыццё ёсць жыццё.

Жаночае сэрца стамляцца не можа.
Яму уласцівы і роспач, і гнеў,
Калі ж пакахае - то шчыра, прыгожа.
І ўзрост перашкодай ёй стаць не паспеў.

Часцей успаміны былое варушаць -
Юнацтва сваё прыгадае яна.
-	І як я магла сваё слова парушыць,
Няўжо б і дасюль засталася адна?

Вось толькі цяпер мне адкрыліся вочы -
Адчула істотай, як моцна люблю.
Няхай бы вярнуўся назад час дзявочы…
Шкада, але мабыць яго не злаўлю.

А дзесьці тайком захавалася думка:
Даведайся дзе ён, які  яго лёс?
Знаходзяць жа людзі свае накірункі,
Звяртаючы погляд да светлых нябёс.

Адправіла ліст - і чакала адказу,
Бо ў сэрцы,  як іскра,  надзея жыла.
Успомніла з жалем ягоную фразу:
Нагадваеш ты мне крыніцу святла.
Агеньчык успыхнуў зусім нечакана -
Паштоўка, нарэшце, як рэха прыйшла.
Пачуў яе голас далёкі каханы:
Жанчына пачуццяў стрымаць не змагла.

Сустрэча была самай цёплай, бясспрэчна,
Гады не парушылі чуласці іх.
А мудрасць сцвярджае: каханне спрадвечна
Нясе асалоду для сэрцаў дваіх.

Расквечаны шчасцем альбома старонкі.
З'явіліся колеры новых прыкмет.
І разам з візіткай верш гучны і звонкі
Знаёмай даслаў самадзейны паэт.

Ад шчырасці слоў усміхнулася неба.
Мажорныя гукі стварылі настрой.
Жаночаму сэрцу багацця не трэба -
Яму не хапае увагі парой.

Святая малітва жыццё акрыліла.
Малюнкі святла замігцелі ў вачах.
Надзея другое дыханне адкрыла.
Сагрэўся пяшчотай дамашні ачаг.

Ярчэй расквітнелі чырвоныя ружы,
У садзе на досвітку птушкі пяюць.
І гэта яскравым нам сведчаннем служыць,
Чым душы людзей закаханых жывуць.

Жыццё чалавеку дарована Богам,
І мы падуладны прароцтву нябёс.
Таму і акрэслена наша дарога,
Што нам з нараджэннем прадвызначыў лёс.

З надзеяй гартаем старонкі альбома,
Наперадзе шмат яшчэ чыстых лістоў.
Мінулае нам да драбніцы вядома,
А што нас чакае - не скажа ніхто.

Як мы працавалі, ацэняць унукі -
Няхай іх анёлы вядуць за сабой.
Дапытлівы розум, рабочыя рукі
І шчырае сэрца ствараюць спакой.

Воды імклівыя ў рэчцы не стынуць,
І не спыняецца час на зямлі.
Годы праходзяць, а гронкі каліны
Колерам новым ужо расцвілі.

Людзі штодзень вырашаюць загадкі -
Шчасця шукаюць і мараць аб ім.
Я пажадаў бы, каб нашы нашчадкі
Крочылі з верай па шляху сваім.

Колькі асоб мы сустрэлі знаёмых,
Столькі засведчана лёсаў людскіх.
Доўга,  сябры,  беражыце альбомы -
Сведкі падзей і учынкаў зямных.



       ЗОРКА  ПУШКІНА

Якое імя засвяціла над светам!
За дзвесце гадоў, мабыць, роўных няма.
Так, трэба ж было нарадзіцца паэтам
Пад рускаю зоркай яму не дарма.

Прыгожыя вёсны, марозныя зімы…
Наўрад ці хто лепей раскажа пра іх,
А гэта часцінка вялікай Радзімы -
Ён нам яе дорыць у вершах сваіх.

У кожнага з нас мноства "чудных мгновений"
Пакінула след, асвятліўшы душу.
Зрабіць гэта мог толькі Пушкінскі геній,
Таму пра яго з асалодай пішу.

Дзіцячыя казкі, паэмы і проза -
Яны як для раны гаючы бальзам:
Валодваюць сэрцам, насычваюць розум,
Вядуць па жыцці ў асветніцкі храм.

Мы чуем разлівісты пушкінскі голас
У кожным кутку беларускай зямлі.
Бо Пушкін, Міцкевіч, Купала і Колас
Народ да святля за сабой павялі.

Ідуць яны побач шырокай дарогай,
Іх кліч да адзінства паўсюдна гучыць,
А кнігі сяброў аб'ядноўваюць многіх
І вучаць змагацца і шчыра любіць.

Цудоўныя ўзнёслыя строфы паэта
У памяці будуць, пакуль я жыву.
Дазволь, чараўнік, менавіта за гэта
Яшчэ раз з паклонам схіліць галаву.

Дазволь перадаць беларускае "дзякуй"
За словы надзеі. Жыццёвы ўрок
Пазбавіць людзей ад спакусы ўсялякай.
"Няхай жыве сонца, схаваецца змрок!"


СТАУБЦОЎСКІ  САМАРОДАК

Слова Коласа душу кранае,
Вучыць моцна Радзіму любіць,
Быццам голуб, над светам лунае -
Хіба ж можна такое забыць?

Моц зямлі ды блакітнае неба,
І вада з жыватворных крыніц
Дораць людзям і хлеб, і да хлеба,
Адчыняюць заслон таямніц.

Толькі Колас так пільна заўважыў
Прыгажосць беларускай зямлі -
Краявіды Стаўбцоўскіх пейзажаў
У вянок яго твораў ляглі.

Па-майстэрску іграе Сымонка -
Ажно сэрца трапляе ў палон.
Прыгажосць адчуваючы тонка,
Зачароўвае музыкай ён.
Хлебаробская звычка Міхала,
Як любоў да бацькоўскай зямлі,
Лейтматывам паэзіі стала,
Праз яе нашы творцы прайшлі.

А жыццёвая мудрасць Антося
Выклікае павагу людзей -
Як бы цяжка яму ні прыйшлося,
Ён да мэты ўпарта ідзе.

Ты прыгледзься да вобразаў гэтых,
Аб учынках герояў разваж:
Лабановіч выхоўвае дзетак,
І змагаецца мужны Талаш.

Закаханыя Сцёпка з Аленкай
Сэнс знайшлі на прасторах жыцця:
Маладыя жаніх і паненка
Не хавалі свайго пачуцця.

Песняра стодваццатыя ўгодкі
Адзначаюць краіна і свет.
Дораць Стоўбцы вякам самародкаў,
Якім быў знакаміты паэт.




ПТУШКА  ПЕСНЮ  ДЗІЦЯЦІ  ПЯЕ

Чалавек, быццам зорка, радзіўся,
І святло разлілося ярчэй.
На зямлі новы колер з'явіўся,
І яна ўздыхнула лягчэй.

Усміхнулася сонца істоце,
Ветрык ласкай вітае яе,
Траўка зеленню цешыць пры плоце,
Птушка песню дзіцяці пяе.

І над тварыкам, родным і блізкім,
Маці радасць не можа стрымаць.
Шэпча словы любві над калыскай,
Пачынае ўслых разважаць:

-	Лёс табе падаруе на шчасце
Накірунак пад Боскім крылом.
І анёл зберажэ ад напасцей,
Прэч бяду каб тваю адвяло.

А як вырасцеш - знойдзеш дарогу.
Іх так многа ў імклівым жыцці:
Агранома, ўрача, педагога,
Калі хочаш - у космас ляці.

Будзе ведаць цябе ўся планета,
Бо ты зможаш усіх абыйсці.
А найлепей жадаю паэтам
Быць табе. Толькі хутка расці.

Сын матулі ў адказ усміхнуўся,
Быццам словы яе зразумеў.
Падужэў, да яе пацягнуўся,
Ухваляючы родны напеў.

Так яно менавіта і будзе -
Хай Бог сына па сцежцы вядзе.
Расступіцеся,  добрыя людзі,
Чалавек па планеце ідзе!



МАЦЯРЫНСКАЕ  ШЧАСЦЕ

У квецені яблынь бялеюць сады,
І песні гучаць з пералівамі.
Ва ўборы вясельным мне бачышся ты
З усмешкай на твары шчасліваю.

Дзіцятка цябе абдымае пры ўсіх:
-	Ты, мамка, такая руплівая.
І гэтыя словы нам радуюць слых,
Жанчына бязмежна шчаслівая.

Пяцёрка ў дзённіку месца знайшла:
Дачушка ў навуцы цярплівая,
Бо ты ёй часцінку сябе аддала,
І сёння, напэўна, шчаслівая.

На градцы з табою працуе яна,
І тут, як заўжды, жартаўлівая.
У сэрцы варушыцца думка адна:
Хай будзе крывінка шчаслівая.

Мінулі гады, і дзяцінства прайшло,
Як воды ў рэчцы імклівыя.
Каханне да шлюбу дачку прывяло,
І слёзы ў маці шчаслівыя.

Ніколі на месцы жыццё не стаіць,
Бо дні нашы надта бурлівыя.
Хоць скроні твае ад гадоў серабрыць,
Ты сёння такая шчаслівая.


        ВЕЧНАЯ  КНІГА

Калі б мяне пасадзілі ў турму і дазволілі б узяць з сабой адну кнігу, дык я ўзяў бы Біблію.
(Гётэ)

Слова Божае сэрцы людскія
Сагравае нябачным цяплом.
І пытанні ўсе векавыя
Вырашаюцца разам з Хрыстом.

Мы біблейскім жывём запаветам,
Каб любоўю сябе зберагчы.
І ад Бога ніякіх сакрэтаў
Не хаваем ні днем, ні ўначы.

Бо здаўна так нас Біблія вучыць:
Верай,  праўдай жыві, чалавек.
Кніга вечная здольна агучыць
Голас Божы ў наш стрэсавы век.
На пытанні адкажа дзіцяці,
Мудрацу дасць параду заўжды,
І святло прынясе кожнай хаце,
Абароніць цябе ад бяды.

Вечнай кнізе, Хрысту і малітве
Прысвячай кожны дзень у жыцці -
Крочыць зможаш не так, як па брытве.
З Божым словам ты будзеш расці.

Свет акрэсліцца цудам нябесным,
Голас моцы з вышынь загучыць.
З вечнай кнігай ўсім нам пачэсна
Спадзявацца, і верыць, і жыць.



         СЛОВА  ВЕТЭРАНА


У школе між вучняў сярэдняга ўзросту
Размову вядзе франтавік-ветэран.
Расказвае вобразна, шчыра і проста,
Як сябра свайго ратаваў ён ад ран.
Прыбалтыка. Восень. Цяжкія гадзіны.
Раз'юшаны вораг. Абстрэлы гармат.
-	Усе мы імкнуліся к мэце адзінай -
Наперад! Наперад! Ні кроку назад!

Загад атрымалі на самым світанку:
Атаку праціўніка трэба стрымаць.
На нашы акопы варожыя танкі
Адкрыта пайшлі, бы сталёвая раць.
Прамою наводкай па чорнаму крыжу
Мой сябар ударыў. Танк тут жа замёр.
Уважліва сочым, як полымя ліжа
Браню яго вежы, як грымнуў матор.

Другую машыну таксама падбілі…
І раптам таварыш упаў на зямлю.
-	Паслухай, - сказаў ён, - не ўсё мы зрабілі,
Каб выканаць добра задачу сваю.
А кроў на грудзях павялічвала пляму,
І твар пабялеў, быццам сцяты ў мароз.
Я хутка зрабіў перавязку, і з ямы,
Узняўшы на плечы, у шпіталь яго нёс.

Агледзелі хутка, на стол палажылі.
-  Адразу за працу, - зазначыла ўрач.
Асколкі дасталі, ўсё чыста зрабілі.
Запэўнілі: катам адпомсціць Сілач.
У строй ён вярнуўся. Мы з ім неаднойчы
Фашыстам з гарматы вярталі "даўгі".
За што ўзнагародай адзначылі двойчы
Яго і мяне. Вось быў фініш які…

А вам, маладым, я ад сэрца жадаю
Для працы стваральнай бязвоблачных дзён.
Служыце найлепш свайму роднаму краю,
Шукайце настойліва - знойдзецца плён.
Сур'ёзнасць на тварах. І позірк дзіцячы
На ордэнскіх знаках часова застыў…
Магчыма, цяпер той хлапчук абазначыў
Грамадскіх учынкаў уласны матыў.



                    ДЗЯДЫ

Зямлю сваю не можна не любіць:
Яна здаўна нас песціла гадамі.
І права мы не маем, каб забыць
Людзей, што называюцца дзядамі.

Вядомы ім наш самы першы крок.
Ласункамі найлепшымі кармілі.
Зрывалі ў жыце сіні васілёк -
Як сімвал неба нам яго дарылі.

Пяшчотай іх заўсёды даражы:
Яны дабру і дбайнасці вучылі,
Наказ дзядоў у сэрцы беражы -
З іх запаветам цяжкасці асілім.

Хай гэта споведзь даляціць да іх.
Няхай ім слова наша адгукнецца.
Спакойна будзе нам за ўсіх святых,
Хто падарыў найшчодрайшае з сэрцаў.

Таму і свята трэба шанаваць,
Якое ў нас Дзядамі ахрысцілі.
І спадчыну патрэбна захаваць,
Каб нашы ўнукі продкаў не забылі.


           ПЕРАМОЖЦЫ

Ім гонар і слава: яны - пераможцы.
Краіна віншуе адважных сыноў.
Сцягі франтавыя лунаюць над плошчай -
Парад Перамогі ім бачыцца зноў.

І помнік гранітны, дзе прозвішчы ззяюць,
Прымае ўдзел ва ўрачыстасці той.
Мы помнім усіх, хоць яны спачываюць,
Аддаўшы жыццё, у зямельцы святой.

З гадамі радзеюць рады ветэранаў…
На скронях выразней блішчыць сівізна.
Па духу яны раўназначна тытанам,
Бо іх сапраўды гартавала вайна.

Дзевятага мая, у Дзень Перамогі,
Хай доблесці знакі ізноў заблішчаць,
Каб нашы нашчадкі ўявілі дарогі,
Якімі прайшла ваша грозная раць.

На здымках вас бачым, прыгожых і мужных,
Дзе кожны салдат - закаханы юнак.
У вашых асобах людзей дабрадушных
Цяпер мы вітаем за доблесць адзнак.

У майскія дні ярка сонейка свеціць,
У час Перамогі квітнеюць сады.
За мір, землякі, што прынеслі планеце,
Здароўя і шчасця вам зычу заўжды.
Такімі людзьмі ганарыцца дзяржава,
Яны ратавалі наш свет ад чумы.
Ім вечная памяць і вечная слава,
Прад імі схіляем галовы і мы.



                 АФГАНЕЦ

Земляку Віктару Стэльмаху

Зямля любіць тых, хто яе паважае:
За шчырую працу аддзячыць спаўна.
Рупліўцам пашчасціць - святым караваем
За ўсе іх турботы адплаціць яна.

На ніве калгаснай працуе  "афганец".
Глядзіш і не верыш, што быў у агні.
Што там, пад Кабулам, салдат быў паранен,
"Чырвоную Зорку" здабыў ля Газні.

Выдатна асвоіў тэхнічную справу -
Механік, якому не знойдзеш цаны.
Не марыць руплівец аб гонары, славе,
А проста працуе. Такія яны

Вайскоўцы дэсанцкага сталага гарту.
За што ні бяруцца - пачэсны фінал.
Адзін такі хлопец траіх будзе варты,
Бо мае ў запасе звышмоцны метал.




           ЗАКАХАНЫЯ


Закаханыя слухалі разам
Песнапенні вясной салаўя…
Час прыйшоў і прад Божым абразам
Нарадзілася ў шчасці сям'я.

Юных сэрцаў шчаслівыя крылы
Ўжо прынеслі ўлюблёных у рай.
-  Я табой ганаруся, мой мілы.
-	У мяне з табой казачны край.

Ззяе сонца над летнім палеткам,
Ветрык дыхае водарам траў.
У сям'і ўжо з'явіліся дзеткі,
Маме і тату дабавіўшы спраў.

Але ж клопат бацькоўскі прыемны,
Ён ахутан святым пачуццём,
Калі хочаш, каб добраю зменай
І святлом напаўняўся твой дом.

Так ужо павялося на свеце -
Радавод па спіралі ідзе:
Цешаць бацьку і маці іх дзеці,
Дзецям гонар за родных людзей.


    САКАВІЦКІ  НАСТРОЙ

Святыя мадонны з нябесных вышынь
Прывабнасцю голавы кружаць…
На грэшнай зямлі ты такіх не пакінь,
Іх так не хапае нам, дружа.

Яны нас кахаюць, як маці дзіця.
Утульнасць ствараюць, як казку.
Хіба мы забудзем парыў пачуцця,
Жаночую сціпласць і ласку?

Працуюць, як пчолкі, святлом зіхацяць.
І трэль салаўіная ў песні.
У танцы задорным іх нельга стрымаць,
Як буйны раўчук на прадвесні.

Матулі і жонцы, бабулі, сястры
Мы шчасця і радасці зычым.
Іх песняй вітаюць сябры-песняры,
Жаноцкасць гадоў іх не лічыць.
А сэрцы сябровак цяплом дабрыні
Юнацкую душу сагрэюць.
Ты толькі сумленне сваё адчыні,
Яны ж вам аддзячаць надзеяй.

Бадзёрыць жанчын сакавіцкі настрой.
Прыміце, жаданыя, кветкі!
Хай спраўдзіцца сон ваш вясенняй парой,
Бландзінкі, шатэнкі, брунеткі.


БІБЛІЯТЭЧНАЯ  АФРАДЫТА

Летчык спіць і бачыць неба,
Селянін жыве зямлёй.
А што кожнаму з нас трэба,
Каб знайсці душы спакой?

Тэлевізар, дыскатэка,
Шмат яшчэ якіх праяў…
Мне ж бліжэй бібліятэка,
Дзе ўсё ёсць, што Бог паслаў.

Хочаш - едзь у падарожжа,
Адкрывай мацерыкі.
Любіш войска - значыць, можна
Весці ў бой салдат палкі.

Словам, выбар адмысловы -
Быў бы час і галава…
Гаспадыня установы -
Проста ветлівасць сама.

А чытыч наш - хлопец статны,
Прыгажун на ўсё сяло.
І да тэхнікі ён здатны,
І заўзяты рыбалоў.

Чараўніца кніжнай залы
Спадабалася яму.
Стосы кніг прапанавала
Падапечнаму свайму.
Бы багіня Афрадыта
Чаравала малайца.
Раз прыйшоў, сказаў адкрыта:
-	Час падацца да вянца.

-	Добра, згодна. Ды пры ўмове
(За даверлівасць прабач),
Я лаўлю цябе на слове,
Будзеш вечны мой чытыч.

Вось гісторыя якая
Мной засведчана была.
Кніга - рыбка залатая,
Сэрцы два ў адно звяла.


           ЖАНЧЫНЕ

Пачатак вясны. Спеў птушыны,
Вакол чысціні перазвон.
Віншуем са святам жанчыну:
-	Зямны Вам і шчыры паклон.

Крылатыя ўзнёслыя словы
Да твару Вам. І прыгажосць
Талстоўскай Наташы Растовай
У Вашай жаноцкасці ёсць.

Я ведаю густ Ваш мастацкі,
І ў гэтым сумненняў няма,
Што ў Вас закахаўся б і Чацкі,
Прад Вамі схіліўся б Дзюма.

"Есть женщины в русских селеньях" -
Зайздросны някрасаўскі сказ
І сёння гучыць на здзіўленне
Так мудра і проста пра вас.

Хай свеціцца радасць на твары,
Няхай Вам шанцуе ва ўсім.
Упэўнен, што здзейсняцца мары
Ў царыцы блакітных вышынь.
         НАСТАЎНІЦА

З кнігай, з дзецьмі ў школе
Шчыра працавала.
На свой адпачынак
Часу не хапала.
Так ужо вядзецца,
Так ужо прывычна -
Кожнаму здаецца,
Лёс педагагічны
Самы лепшы ў свеце.

Там, маўляў, не трэба,
Пакуль сонца свеціць,
Гнуць спіну, каб хлеба
Для сябе і дзетак
Прыдбаць дастаткова.
Думае хто гэтак -
Мысліць памылкова.

Каб на ўзроўні часу
Выкладаць прадметы,
Трэба ўвасабляцца
Ў мастака, паэта.
Трэба стосы кніжак
Ўдумліва адолець.
Моду, што ў Парыжы,
Знаць сабе дазволіць.

Толькі той настаўнік -
Хто расце, імкнецца
Задаволіць прагу
Розуму і сэрца.
Яго факел бачны
Для людзей заўсёды -
Вучням, бацьку, маці
З радаснай нагоды.

Пойдуць у свет дзеці,
Скажуць: "А Людміла,
Як ніхто на свеце,
Нас дабру вучыла!"
Дзеля гэтай мэты
Варта зрушыць горы.
Быць душой паэтам,
І штодзень - акцёрам.



          ВІНШАВАННЕ

Галіне Іосіфаўне

Урачыстасць сям'і, родных, блізкіх, калег
Стала святам шчаслівым у хаце.
Гаспадыні адзначыць прыйшлі юбілей -
Любай жонкі, настаўніцы, маці.

Сёння бабкай яе не хачу называць,
Хоць і мае чацвёра унукаў.
Хай заўжды ёй да твару гадоў двадцаць пяць,
Колькі б лёс на вяку ні настукаў.

Каб заўсёды была маладою душа,
І каб сэрца спявала штодзённа,
І каб з вуснаў зыходзіў тваіх добры жарт,
І быў выгляд Сіксцінскай Мадонны.

Каб твой муж, як раней, захапляўся табой.
Чую: слова прыгожае мовіць.
Ён пазбавіць цябе ад спакусы любой,
Для цябе і Жар-птушку ён зловіць.

Няхай дзеці і ўнукі шануюць спакой,
Славяць Бога за матчыну ласку.
У жыцці ім дала ты пяшчотнай рукой
Веру, праўду, надзею, як казку.



            ЖАНОЧАЕ  СЭРЦА

Цябе параўноўваю з зоркай,
Што свеціць нязгасна ўначы.
Ты цешыш лагоднай гаворкай,
Бо сэрца тваё не маўчыць.

На любага шчыры твой позірк
Паэт выпадкова злавіў.
І стан беластволай бярозы
Уплёў у лірычны матыў.

Мастак услаўляе пяшчоту
І веліч матуліных рук,
Жанчыны, што ў вечнай турбоце,
Каб вывесці ў свет дзетвару.

Для скульптара ты - як багіня,
Якая застыла ў красе.
Я веру - ніколі не згіне
Твой воблік, што ўзнёсласць нясе.

Для бацькі, для мужа, для брата -
Заўжды паднябесны твой крыж!
А сыну прарочыш: як свята,
Хай будзе твой лёс, мой малыш!

Калі ж перад намі і Богам
Хаваеш употай слязу,
Прабач і даруй. Яшчэ многа
Я кветак табе прынясу.

І радасць не раз усміхнецца,
Бо ты заслужыла яе.
Мы помнім: жаночае сэрца
Увагай мужчынскай жыве.



               ДВОЕ

Дуб і бярозка стаяць у абдымку -
Постаці стройных прыгожых істот.
Вабяць прахожых, быццам для здымка,
Разам застылі - любуйся, народ!

Стан беластволы з зялёнай касою
Гнецца да моцнай паловы сваёй.
І чарадзейнай прыроднай красою
Радуюць свет, што завецца Зямлёй.

Яркія зоркі любоўю палаюць,
І да людзей іх імкнецца святло.
Гэта ж і ў небе так моцна кахаюць,
Каб і зямлянам у прыклад было.

На ўроку сяброўцы ўпотай запіску
Спрабуе даслаць даўгавязы юнак.
А тая, над партай схіліўшыся нізка,
Адкажа вачыма: хіба не дзівак?

Нічога, хлапчына, не бойся адчаю -
Усё чарадою сваёю ідзе.
Не сення, дык заўтра, па ўсім прыкмячаю,
Са згодай да шлюбу яе павядзе.

І так ужо ёсць на зямным гэтым свеце,
Дзе ён і яна, - я кажу гэта ўслых -
Палае каханне і родзяцца дзеці,
Бо гэта ёсць плод захаплення дваіх.


         ПРЫГАЖОСЦЬ

Вось ідзе дзяўчына - кветачка-лілея.
Вочы, быццам зоркі, без агню гараць.
Хлопец страціў мову - вусны анямелі:
Радасці пачуццяў сілай не стрымаць.

Летні луг іграе ў колерах вясёлкі,
Лепш не намалюе ні адзін мастак.
З кветак мёд збіраюць тут старанна пчолкі,
Бусел гаспадарыць - гэта добры знак.

Лес  - заўсёды казка, летам ці зімою,
Асвяжальны подых, таямнічы спеў.
Толькі тут адчуеш глыбіню спакою,
Роспаведзь стагоддзяў і размову дрэў.
Сонца промні мые у празрыстых водах,
Ветрык ледзь калыша ля ракі траву.
Веліч і бязмежжа… Гэта ты, прырода,
Прад табой схіляю нізка галаву.

Розум чалавека дасягнуў вяршыні,
На шляхах касмічных не відаць мяжы.
Дабрыня людская, веру, не загіне,
Калі ёсць у сэрцы прыгажосць душы.

Кветкай майскай ружы сын вітае маму.
На руках нявесту ў дом прынёс жаніх.
Павіншуйце, людзі, гэтых самых-самых…
Падыміце келіх за ўлюбёнасць іх.

Зычце, каб дастатак быў у кожнай хаце.
І не важна хто вы - гаспадар ці госць:
Паважай старога, не крыўдзі дзіцяці…
Вось яна якая - панна-прыгажосць!

Для яе ніколі не было ўзросту:
Вечна маладая - тут увесь сакрэт.
Менавіта гэтым велічна і проста
Прыгажосць зямная выратуе свет.

Цудам свету нізка кланяюцца людзі,
У гэтым захапленні сэнс глыбокі ёсць.
Гімн складаць і песню чалавецтва будзе
Вечнаму каханню з імем - Прыгажосць.


         ВЯЛІКІ ДВОР

Калышацца хлебная ніва,
Грукоча раскацісты гром.
Вясковы пасёлак на дзіва
Завецца Вялікім Дваром.

А што ў ім вялікага? Можа,
Збярэцца дамоў з трыццаць пяць.
Для нас ён - куточак прыгожы,
Куды усе птушкі ляцяць.
Жывуць тут цудоўныя людзі, -
Зямелька ім сілу дае.
Паветра ўдыхнеш на ўсе грудзі,
І сэрца ад шчасця пяе.

У квецень садоў беласнежных,
Здаецца б, без роздуму ўпаў,
Расою срабрыстай умыўся.
Адчуў бы гаючы пах траў.

Пейзажы ваколіц вясковых
Нясуць непаўторнасць сваю.
Тут люба мне ўсё, бо аснова -
Зямля, на якой я стаю.

Сяброў запрашаюць у госці
На свята мае землякі.
Па-добраму можна зайздросціць,
Як сцелюць яны ручнікі.

А назва пасёлка - не тайна:
У парку між чыстых азёр
Сядзіба была тут у пана
З маёнткам сваім - Велькі Двор.


ВЯЛІКАДВОРСКАЯ  СЯДЗІБА

Цяністы парк -краса прыроды
І наваколля прыгажосць.
Бо для душы, як кропля мёду,
У ім гаючы водар ёсць.

Вясной пануе спеў птушыны
І кветкі тут на розны густ.
Галінка шэпчацца з галінкай,
Калі цвіце чаромхі куст.

А дрэвы, быццам вартавыя,
Стаяць на вахце столькі год.
І помняць з'явы векавыя -
Прыгоны, паншчыну, прыгнёт…
І возера, як люстра, побач
Шкляной паверхняй зіхаціць.
Бы срэбра найвышэйшай пробы,
Тут часам чайка праляціць.

У цэнтры - помнік. Не сіроцкі -
Слыве жыццём надзённых спраў.
Ён нам дастаўся ад Брухоцкай,
Вядомай пані. Майстраваў

Яго з замежжа еўрапеец,
Што не адвесці і пагляд.
Цяпер наўрад ці хто сумее
Тварыць на колішні той лад.

Усім утульна тут, гасцінна -
Вада, паветра, сонца, пляж.
Хіба што родныя мясціны
Маглі стварыць такі пейзаж.

Дык як жа можна не заўважыць
Куток, дзе нам прыйшлося жыць?
Сам Бог з нябёс табе падкажа,
Што гэтым трэба даражыць.


             ТРОІЦА

Карціна Андрэя Рублёва
Здаўна зачароўвае свет.
Малюнак яго адмысловы -
Вядомы біблейскі сюжэт.

У "Троіцы" - шчырасць мастацтва:
Траіснасць - аснова душы.
З любоўю да блізкіх звяртацца
Вучыў на Хрыстос на крыжы.

А Троіцай свята назвалі,
Каб верыць, маліцца, любіць.
Бо нам на цярністых скрыжалях
Без веры ў яе не пражыць.
Анёлы той дзень услаўляюць,
Прырода ў нябачнай красе.
У садзе салоўка спявае,
Мёд пчолка у вулей нясе.

Бабулька прачытвае ў Храме
Услых "Ойча наш…" - для усіх.
Сынок прытуліўся да мамы -
Святочны і радасны міг.

У "Троіцы" - сутнасць адзінства,
Сумленне намераў людскіх,
Надзея, якую з дзяцінства
Мы носім у сэрцах сваіх.

Дык будзем таго мы дастойны,
Што ў Сімвале Веры гучыць.
Каб з Божым крыжом самастойна
Айчыне і праўдзе служыць.



КАЛГАСНАМУ  ЮБІЛЯРУ
І. Лабаноўскаму

Сярод родных і блізкіх сяброў
Імяніннік у цэнтры увагі.
Як павінна і быць - час прыйшоў,
Каб адзначыць даніну павагі.

Больш за дваццаць гадоў за рулём працаваў
І шаснаццаць - трымаўся з брыгадай.
І на гэтым шляху шмат здароўя аддаў.
Але ж людзі былі табе рады.

Працавітасцю шчыраю ты заслужыў
Гэты гонар, пашану і славу.
Шэсцьдзесят - а як быццам, імгненне пражыў.
Мы жадаем, каб столькі ж прыбавіў.

За сямейным сталом ты прымаеш гасцей -
Сёстры, дзеці і ўнукі віншуюць
Брата, бацьку, дзядулю. Часцей
Хай у хаце бацькоўскай шчыруюць.

Ну а жонку, якая кахае цябе,
Як калісці ў гады маладыя,
Я прашу: "Пацалуй ад душы, бо табе
Ён дарыў толькі кветкі жывыя".

Не сумуй,  юбіляр, што на скронях туман!
Госці момант прыемны адчулі,
Бо ўжо ўнук твой, Дзяніс, правярае баян.
Каб зайграць віншаванне дзядулю.



       МАЦЯРЫНСКІ  НАКАЗ

Не вымераць матчынай ласкі да сына,
Не выказаць словамі сэнс пачуцця.
Не дарма жаночага роду Айчына,
Бо маці з ёй разам вядзе да жыцця.

Выхоўвае, песціць, стварае дастатак,
Не ведамы ёй ні спачын, ні спакой:
-	Усім карыстайся, каб будні і святы
Прыносілі радасць, вясёлы настрой.

Але ж і ад сына яна патрабуе
Адданасці, шчырасці і чысціні,
Адказнасць трымаць за памылку любую:
-	З дарогі бацькоўскай, сынок, не звярні.

Працуй, як дзяды тут твае працавалі.
Кахай, каб зайздросцілі шчасцю твайму.
А вораг сустрэнецца - стань на скрыжалі, -
 За гэта яшчэ раз цябе абдыму.

-	Шануй сваіх продкаў, жыві запаветам,
Які б не пярэчыў сумленню душы, -
Такі мой наказ табе. Правілам гэтым
Ці будзеш ты верны, мой родны, скажы?

Паслухаўшы матчыны словы сур'ёзна,
Юнак светлы позірк падняў на яе
І з гонарам цвёрда запэўніў: - Няможна
Не выканаць, мама, жаданні твае.

Як ты і казала, бацькоўскай дарогай
Пайду я наперад да ясных вяршынь.
Упэўнен, што лёс не пакрыўдзіць такога
Хлапца, якім вырас твой першынец-сын.

Радзіме, сяброўцы, табе, дарагая.
Я вернасць на справе сваю дакажу.
Любоўю і працай, адданасцю краю
Падзяку ад добрых людзей заслужу.

І гонар у маці за гэткага сына…
Ад шчасця сляза пакацілася ўніз.
Па праву такім ганарыцца Айчына
За сталасць, за мужнасць, за велічнасць рыс.




         У СВЕЦЕ  СЛАВЯНСКІМ

За продкаў сваіх ганаруся
З тых самых гаротных часін,
Калі на зямлі Белай Русі
Народжан быў волата сын.

Магутны, высокі і стройны -
Сам Бог падарыў прыгажосць.
Асобе уласціва прыстойнасць
І моц багатырская ёсць.

Дапоўнены рысы партрэта -
Блакіт сам праменіць з вачэй,
Лагоднасцю сэрца сагрэта,
Усмешка - за сонца ярчэй.

А мова - прыкладвай да раны -
Залечыць напеўнасцю ўраз,
Яна зачаруе і панну:
Каханнем насычаны сказ.

Дык хто ж гэты русы прапрадзед?
З якіх ён з'явіўся былін?
Гісторыя праўдзе не здрадзіць:
Мой прашчур-зямляк - славянін.

Ён этнас наш годна прадставіў
На ўсіх паралелях зямлі:
Змагаўся з чужынцамі, славіў
Краіну, дзе продкі жылі.

Ідзём па праспекту Скарыны
І рады, што Полацка сын
Дайшоў да сусветнай вяршыні,
А імя яму - славянін.

Удзячны славянскай прыродзе
Асветніцтва мудрага свет,
Калі нам Кірыл і Мяфодзій
Адкрылі пісьменства сакрэт.

У клопатах будняў надзённых
Жыве хрысціянскі абрад.
Таму захапляемся й сёння
Мы цудам славянскіх балад.

А марш "Развітанне славянкі",
Як звон, урачыста гучыць,
Бо людзі ў краі Нарачанскім
Прыгожае умеюць цаніць.

У моманты звычаяў строгіх
Мастацтва, як Спаса, пакліч.
Славянскіх Мадоннаў - ад Бога -
У нас праслаўляе Кузьміч.

Вясной зелянеюць палеткі -
Багаццем адорыць зямля.
У свеце славянскім, як кветка,
Глядзіцца Радзіма мая.
     ПРАМЕНЬ  ДАБРЫНІ

Памяць часу старонкі гартае…
Як наш прашчур адчуў цеплыню?
Загарэляся іскра святая,
Калі стаў пакланяцца агню.

Гэтай іскрай запалена сэрца.
Яго факел нам свеціць штодня.
Дай крыніцы цяпла разгарэцца,
Каб сагрэла людзей дабрыня.

Яе часта нам так не хапае -
Не паспела ў душы прарасці.
А шкада. Бо істота жывая
Гэты фактар павінна знайсці.

Вы заўважылі - радуе кветка
Наша вока спатканнем з вясной.
А жаўрук зазвініць над палеткам -
Наваколле жыве дабрынёй.

Гаспадар у вяселлі і ў горы
У свой дом запрашае радню:
Для яго яна - кропка апоры,
Каб душою пазнаць дабрыню.

І грамадства адчуе свой гонар,
Новай фарбай расквецяцца дні,
Калі змесціцца ў сэрцы не долар -
Заструменіць прамень дабрыні.




У  СЭРЦЫ  ЖЫВЕ  ХАРАСТВО

Аб чым, сінявокая, марыш?
Я думкі твае разгадаў:
Хвалююць цябе не Канары,
Не мораў трапічных вада.

Твае разважанні аб любым,
Аб ласкавых словах яго,
Аб тым, як ён шчыра галубіць,
І ў сэрцы жыве хараство.

Сустрэнешся з ім - і пяшчота
Агорне цябе цеплынёй.
І песні мажорныя ноты
Гучаць незабыўнай струной.

Сяброўкі жартуюць, што тварам
Выбраннік не выдаўся твой.
-	Не ўсім быць як Юрый Гагарын -
Я стрэлася з доляй сваёй.

Народная прымаўка сведчыць,
Што з твару вадзіцы не піць.
Галоўнае ў нас - чалавечнасць,
Каб жыць шанаваць і любіць.

Я ў марах сваіх без памылкі
Адчула прароцтва нябёс.
Вам трэба герояў, асілкаў -
Мне ж з ім Бог прадвызначыў лёс.




        ЖЫЦЦЯЛЮБ

Пятру Дробышу

Хто вясковым ускормлены хлебам,
Цэніць працу, шануе людзей,
Той звяртае свой погляд да неба,
Крочыць шляхам жыццёвых надзей.

Вось такім я запомніў з дзяцінства
Чалавека вялікай душы.
Не любіў ён кіно пра злачынствы:
Сам карыснымі справамі жыў.

Аптымістам у вёсцы лічылі -
Весяльчак не павінен тужыць.
Мог любую работу асіліць
І сяброўствам умеў даражыць.

Памятаю той дзень знамянальны,
Калі бралі з нявестаю шлюб.
І пярсцёнак як сімвал вянчальны
Ёй адзеў малады жыццялюб.

Гаспадарыў на дзіва разважна -
І з дастаткам жыла ўся сям'я.
Хто за справу бярэцца адважна,
Тых багаццем адорыць зямля.

Родны дом дзецям даў выхаванне -
Пазайздросціць настаўнік любы.
У час працы і ў дзень віншаванняў
Ўсе пяцёра павінны тут быць.

Вост таму ў момант будняў і святаў
Ля скрыжаляў знаёмых дарог
Караваем духмяным, багатым
Нас сустрэне бацькоўскі парог.


У  ЯКОГА  З ДВАІХ  ЗАКАХАЦЦА…

Нібы ружа квітнее пад сонцам,
Прыгажуня ля светлай ракі,
Пакараючы статнасцю хлопцаў:
Яны просяць да шлюбу рукі.

Як дзяўчыне з сабой разабрацца
І каму сваё сэрца аддаць?
Гэты ж надта старанны да працы,
Той - пясняр і штукар жартаваць.

У брунета іскрыстыя вочы.
Светла-русы блакітам абняў.
Разбягаецца позірк дзявочы,
І змяняюцца думкі штодня.
Падарункі падносіць чарнявы,
Словам ласкавым цешыць бландзін.
Каго выбраць - складаная справа -
Чараўніцы ж патрэбен адзін.

-	Мы з табой - як сузор'яў суквецці, -
Кажа гэты каханай сваёй.
-	У нас будуць прыгожыя дзеці, -
Заварожвае сэрцайка той.

У якога з дваіх закахацца,
Перад кім сваё слова стрымаць?
З якім любым навечна застацца?
Як загадку жыцця разгадаць?



СПЯВАЮЦЬ  МАЕ  ЗЕМЛЯКІ

Бадзёры настрой мне матыў напявае,
І просяцца цёплыя з сэрца радкі.
Я з радасцю вам іх, сябры, прысвячаю -
Спявайце, спявайце, мае